З Менску ў Варшаву і наадварот: як выглядае паездка на новым цягніку


Журналістка «Белсату» Марына Вашкевіч стала адной з першых пасажырак новага чыгуначнага маршруту, што спалучае беларускую і польскую сталіцы.

«Ураааа!» – у адзін голас пракрычалі мы з варшаўскімі сябрамі, калі я ўслых прачытала навіну пра запуск новага штодзеннага маршруту Менск–Варшава па кошце 41 рубель (ці 18 еўраў) за квіток. Дагэтуль ахвотныя рушыць з беларускай сталіцы ў польскую (ці наадварот) сутыкаліся з незайздросным выбарам: хуткі, але дарагі самалёт (кошт каля 100 еўраў у два бакі, вылет днём), амаль такі ж дарагі маскоўскі цягнік (ходзіць праз дзень), танны, але нязручны аўтобус (40 еўраў у абодва бакі, з прыніжальнай працэдурай выхаду на пункты пропуску з усім багажом нават пасярод ночы) ды маршрутка Менск–Горадня з наступнай перасадкай на цягнік Горадня–Варшава (у суме выходзіць каля 23 еўраў, але дарога, улічваючы рамонт трасы Менск–Горадня, займае цэлы дзень).

Аказаўшыся адной з першых пасажырак новага чыгуначнага маршруту, дзялюся ўражаннем: спадзевы на новы маршрут апраўдаліся.

Дарога атрымліваецца таннейшаю нават за аўтобус, але куды больш камфортнай і хуткай – усяго 8,5 гадзін. З Менску пасажыры адпраўляюцца а 10:57, у Варшаву прыбываюць а 17:20. У адваротны бок падарожжа пачынаецца а 8:44, а заканчваецца а 18:49. Эканоміі часу ўдалося дасягнуць коштам дзвюх лагістычных уловак. Па-першае, пасажыраў чакае перасадка ў Берасці. Замест працэдуры перастаноўкі колаў, неабходнай праз розную шырыню беларускіх і польскіх рэек, пасажыры самыя высядаюць ды пераходзяць у іншы цягнік. Па-другое, пашпарты і багаж памежнікі дастаткова хутка спраўджваюць у цягніку. Валізкі правяраюць выбарачна, у большасці пасажыраў толькі пытаюць пра колькасць узятых з сабою алкаголю і сігарэтаў.

Даехаць атрымаецца з камфортам: у беларускім 5-вагонным электрацягніку «Stadler ЭПр» цёпла, а крэслы зручныя, хоць і крыху цеснаватыя (што, зрэшты, не праблема – у будні дзень прыкладна палова месцаў пуставала).

Перыядычна праз увесь цягнік праходзіць правадніца ды прапаноўвае набыць ваду, сокі ды печыва. На жаль, ні цёплай ежы, ні хоць бы гарбаты ў меню няма. Затое беларуская чыгунка нарэшце можа пахваліцца цалкам прыстойнымі прыбіральнямі з вадкім мылам і туалетнай паперай. Цешаць і разеткі, размешчаныя пад кожным шэрагам сядзенняў. Прыпынкі на беларускай тэрыторыі – у Баранавічах, Івацэвічах, Бярозе, Аранчыцах і Жабінцы, да Берасця цягнік даязджае а 14:30.

Польскі цягнік кампаніі «Intercity» па камфорце не саступае беларускаму. У ім спраўджваюць дакументы ды багаж і беларускія, і польскія мытнікі. Прыпынкі на польскай частцы дарогі: Тэрэспаль (Terespol), Малашэвічэ-Пшыстанэк (Małaszewicze Przystanek), Хатылаў (Chotyłów), Белая Падляская (Biała Podlaska), Мендзыжэч-Падляскі (Międzyrzec Podlaski), Лукаў (Łuków), Седльцэ (Siedlce), Мрозы (Mrozy) ды Міньск-Мазавецкі (Mińsk Mazowiecki).

Найменш прыемная частка дарогі з Менску ў Варшаву – чаканне польскага цягніка ў Берасці. 30-40 хвілін давядзецца правесці на вуліцы ці ў будынку вакзалу.

Затое зручна, што другі цягнік прыбывае на той жа пуць, дзе спыніўся першы. Важна: пасадка на польскі састаў завяршаецца за 20 хвілін да адпраўлення. Іншы мінус: у Польшчы набыць квіток праз інтэрнэт пакуль нельга; у Беларусі можна, але перад паездкай яго абавязкова трэба забраць у касе (проста выдрукаваць не атрымаецца). У беларускай касе пасажыр міжнароднага рэйсу мусіць паказаць пашпарт, у польскіх жа касах дакументаў не просяць.

Падсумоўваючы: нягледзячы на некаторыя нязручнасці, новы чыгуначны маршрут смела можна назваць адным з самых танных ды камфортных спосабаў падарожжа паміж польскай і беларускай сталіцамі. А як бонус пасажыры атрымліваюць цудоўныя пейзажы, што праплываюць за вакном пад грукат колаў.

Глядзіце таксама:

Марына Вашкевіч, belsat.eu, фотаздымкі Іван Яфімаў і Марына Вашкевіч

Стужка навінаў