«З майго класу, з 21 асобы, выжылі толькі трое…»


Правілы жыцця Джамбера, адзінага сірыйскага ўцекача ў Горадні.

Смуглявы малады хлопец праводзіць нас на апошні паверх пяціпавярховіка ў адным са спальных кварталаў. Абстаноўка на здымнай кватэры па-спартанску простая, хоць у куце на кухні – нязменны кальян, а на стале хутка з’яўляюцца філіжанкі з духмянай кавай. Джамбер – адзіны афіцыйна зарэгістраваны ўцякач з Сірыі ў Горадні.

Хлопец прыехаў сюды яшчэ ў 2010, да пачатку баявых дзеянняў. Тады тут жыў ягоны брат, які прапанаваў застацца. Джамбер паступіў у каледж лёгкай прамысловасці, а ў 2011 Сірыя запалала….

Без 400 еўраў – няма размовы

Мой родны Дамаск зараз заняты сіламі “Ісламскай дзяржавы”. На дадзены момант гэта закрыты горад, туды нельга вярнуцца. Мой стары сірыйскі пашпарт скончыўся, а новы каштуе 400 еўраў. Без гэтай сумы са мной у амбасадзе нават размаўляць не хочуць. Зараз маю пасведчанне ўцекача.

Маці і бацька – чатыры гады без заробку

Дзядзька і стрыечны брат загінулі цягам вайны, сястра ў Нямеччыне. Бацька прафесар, мама – дырэктар школы. У 2011-м я ўпершыню ў жыцці 9 месяцаў не ведаў што з бацькамі, не меў сувязі… Фактычна, яны ўжо чатыры гады без працы. Раней, калі я пачынаў тут вучыцца, яны дапамагалі мне фінансава, зараз, мабыць прыйдзецца дапамагаць ім.

Трэба жыць!

Я шмат дзе паспеў папрацаваць за гэты час. Займаўся касметыкай, фруктамі, адзежай, гандляваў кветкамі, працаваў грузчыкам… У будучыні хачу свой бізнес. Пакуль жа, спрабую ўладкавацца на чарговую часовую працу – на мясакамбінат. Трэба жыць!

Мужчына запатрабаваў, каб я «гаварыў па-руску»

За ўвесь час было ўсяго пару канфліктаў. І тое, трагікамічных, хутчэй. Аднойчы я голасна гутарыў па тэлефоне каля парку – акурат размаўляў з мамай. Зразумела, па-сірыйску. Да мяне падышоў мужчына нападпітку і запатрабаваў, каб я гаварыў «па-руску». Я ўсміхнуўся, дадаўшы, што яшчэ добра не валодаю мовай.

Страшна заходзіць у Фэйсбук

З школьнага класу, дзе я вучыўся, жывых засталося толькі трое. Уявіце, з 21 асобы! Кожны ранак я баюся заходзіць у Фэйсбук, мне страшна… Дарэчы, апошні раз я размаўляў з роднымі 2 студзеня – 2 месяцы ўжо… Таму, пытанне пра вяртанне пакуль не стаіць: куды вяртацца?

Дзяўчына, грошы і басейн

Я люблю валейбол, калі атрымліваецца, хаджу ў басейн. Маю тут дзяўчыну, беларуску. Дарэчы, я заўважыў такую асаблівасць: калі ў Беларусі ў цябе ёсць грошы – дзяўчына будзе з табой. Як няма – то пойдзе…

Сяброўства і плоў

Часам вельмі скрушна бывае ад адзіноты, асабліва калі брат ад’ехаў. Адчуванне, што няма нікога і нічога… Зараз лягчэй ужо: маю шмат сяброў: беларусаў, узбекаў, азербайджанцаў. Хаджу да мясцовых мусульманаў па пятніцах на малітву. Гатую сябрам «кэпсэ», гэта плоў такі, наша нацыянальная страва. Вы заходзьце іншым разам – і вам прыгатую!..

АК, belsat.eu

Стужка навінаў