З кім сустракаўся Лукашэнка ў Вільні ў студзені 1991-га


Што Аляксандр Лукашэнка рабіў у Вільні, калі літоўцы біліся за незалежнасць? Узгадвае з дэпутатам Вярхоўнага Савету XII склікання Валянцін Голубеў.

Прапаноўваем вашай увазе тэкст успамінаў:

Мы былі за дэмакратыю, за свабоду і незалежнасць. І яны [літоўцы] былі за дэмакратыю, за свабоду, за незалежнасць! Але яны былі наперадзе нас, яны былі больш радыкальнымі, яны паказвалі прыклад. І яны першымі атрымлівалі па зубах. Супраць іх КДБ, спецназ ужывалі простую грубую сілу. Супраць іх ужывалася прапагандысцкая кампанія, абліванне брудам. І гэтых людзей трэба было падтрымаць. Мы разумелі: калі не падтрымаць, ім будзе цяжка. Гэта было цяжка для жыхароў Літвы і літоўскіх палітыкаў.

І вось Ландсбергіс (у 1990-м – кіраўнік Вярхоўнага Савету Літоўскай СССР) патэлефанаваў у Менск у Беларускі народны фронт і папрасіў: «Прыедзьце! Мы не ведаем, што адбудзецца, але нам трэба, каб былі замежныя назіральнікі».

Зянон Пазняк, я, здаецца, Вінцук Вячорка яшчэ быў – мы паехалі і сядзелі ў Ландсбергіса ў кабінеце, і калі б, напрыклад, быў штурм, мы б як жыхары і парламентарыі суседняй дзяржавы засведчылі тое, што там было. Гэта была ўжо падтрымка, разумееце, на высокім узроўні. Але людзі на электрычках ехалі ў Вільню, калі там былі мітынгі супраць Савецкага Саюзу, каб пастаяць, пабыць разам з людзьмі, якія выступалі за сваю незалежнасць.

Гэтыя падзеі рознымі палітычнымі сіламі ў Беларусі былі ўспрынятыя па-рознаму.

Парламент Беларусі тады пераважна складаўся з камуністаў, прыхільнікаў Савецкага Саюзу. І гэтыя людзі лічылі, што «далі там літоўцам па зубах, можа, ужо і астатнія будуць баяцца».

Мы ж, прадстаўнікі дэмакратычных сілаў, лічылі, што павінны стаць на бок літоўскага народу, на бок літоўскіх незалежнікаў і выступіць з тым, каб правесці расследаванне тых злачынстваў, якія здзейсніла Савецкая армія на тэрыторыі Літвы. І я, Зянон Пазняк, Сяргей Навумчык актыўна патрабавалі, каб Вярхоўны Савет выказаўся наконт гэтых падзеяў.

У выніку было вырашана адправіць у Вільню спецыяльную парламенцкую дэлегацыю. Яе ўзначаліў Ніл Гілевіч, у складзе быў і я. Увогуле тры такія групы паехалі ў Вільню: вось наша афіцыйная, яшчэ ад Народнага фронту неафіцыйная, у складзе якой паехаў Сяргей Навумчык і пакойны Барыс Гюнтэр.

І як я пазней даведаўся, была дэлегацыя на аснове кіраўніцтва Маладзечанскага, тады гарадскога, Савету. У ёй былі Генадзь Карпенка, Віктар Ганчар і іхны сябар Аляксандр Лукашэнка. Яны паехалі самі па сабе. Наколькі я ведаю, калі мы там сустракаліся з працоўнымі калектывамі, хадзілі нават у ЦК Кампартыі Літвы, то трэцяя дэлегацыя ў асноўным сустракалася з савецкімі вайскоўцамі.

Не ведаю, якім чынам іх туды пускалі, але потым Аляксандр Лукашэнка, выступаючы ў Вярхоўным Савеце, гаварыў: маўляў, мы гаварылі з афіцэрамі, яны ўсе хочуць ваяваць, яне ўсе хочуць даказаць, што хочуць да канца а біцца за Савецкі Саюз.

Былі тры такія дэлегацыі, але па сутнасці ўсе яны прывезлі ў Беларусь разуменне таго, што тое, што адбылося ў Вільні каля тэлевежы – злачынства з боку Савецкага Саюзу, савецкай улады, з боку камуністычнай сістэмы, з боку Савецкай арміі.

Апошняе выданне праграмы «Прасвет» цалкам:

Стужка навінаў