Максім Чыгунка: З ІДІЛ – з любоўю. Пуцін і ягоныя падарункі


Расейскі прэзідэнт – зноў у сваёй стыхіі. Нібы актор на сцэне Драматычнага тэатру, ён выслухоўвае перад камерамі кіраўніка ФСБ, які інфармуе яго пра тое, што тэрарысты ўзарвалі над Сінаем расейскі самалёт. Твар кіраўніка Крамля змяняецца, нібы ён даведаўся пра гэта ўпершыню. А пасля, запінаючыся, робячы шматзначныя паўзы, кідаючы ў камеру раз’юшаныя позіркі, зноў абвяшчае: я да вас дабяруся!

Усёмагутнаму ФСБ спатрэбілася больш за два тыдні, каб высветліць, што расейскі самалёт над Сінаем стаў ахвяраю замаху. Версія, пра якую амаль ад самага пачатку казалі замежныя спецслужбы, улады Егіпту і эксперты, ніяк не магла прабіцца ў расейскія медыі. Расейскае грамадства, якое так хутка ўпала ў антыўкраінскую істэрыю, гэтым разам захоўвала абсалютны спакой.

Маленькая пераможная вайна?

А пакуль улады, нягледзячы на ўсё большую колькасць доказаў замаху, упарта маўчалі, расейскія медыі, якія знаходзяцца на службе ў Крамля, выдумвалі дзясяткі «гіпотэз», каб адвесці ўвагу ад асноўнай праблемы: праз два тыдні пасля таго, як распачаліся расейскія налёты на Сірыю, тамтэйшыя тэрарысты адпомсцілі расейцам. Сірыйская аперацыя Пуціна, якая павінна была стаць «маленькай пераможнай вайной», пацягнула за сабою ахвяры таксама і сярод расейскіх грамадзянаў.

«Нікчэмная журналісцкая качка»

Расейскія журналісты распісвалі лухту пра тое, што «самалёт быў у жахлівым стане» і пілоты «баяліся ім лятаць». Эксперт «Комсомольской правды» Віктар Баранец назваў заходнія СМІ, якія абмяркоўвалі магчымасць удзелу Ісламскай дзяржавы ў падрыхтоўцы замахаў, «інфармацыйнымі кашаварамі», а спробу абвінаваціць ісламскіх тэрарыстаў «нікчэмнаю журналісцкай качкай». Тады яшчэ інфармацыя пра тэракт магла падарваць аўтарытэт Пуціна. Ужо 7 лістапада расейскія ўлады цудоўна ўсведамлялі, што вядзецца не пра заіржавелы самалёт, але пра штосьці большае. Менавіта тады было прынята рашэнне аб забароне палётаў над Сінаем і эвакуацыі расейскіх турыстаў. Але калі замаху не было, дастаткова было ж проста правесці кантрольны агляд самалётаў.

На старонках «Комсомольской правды» выступіў дзяжурны расейскі прапагандыст Ісраэль Шамір, які не пагрэбаваў высунуць версію, што самалёт маглі збіць ракета, выпушчаная з ізраільскага а то і польскага самалёта. Маўляў, у гэтым раёне якраз адбываліся вучэнні Blue Flag 2015 – «буйнейшыя манеўры ізраільскіх ВВС пры ўдзеле ВВС ЗША, Польшчы, Грэцыі». Пуцін увесь гэты час упарта маўчаў, раздумваючы, як з вывернуцца з гэтай непрыемнай сітуацыі. І дачакаўся: у пятніцу ісламісты забілі ў Парыжы 129 чалавек, а ў выходныя ён паехаў на саміт Вялікай дваццаткі, дзе яго запрасілі ў кааліцыю супраць Ісламскай дзяржавы.

А ўжо ў панядзелак ён зрабіў тое, што любіць найбольш: арганізаваўшы чарговы спектакль перад камерамі, зноў паабяцаў мачыць тэрарыстаў у сарціры.

У сітуацыі калі на біржах цана нафты апусцілася ніжэй за $ 40 за барэль, цяжка прыдумаць лепшы падарунак лёсу, чым такі збег акалічнасцяў. Хоць хлеба не будзе, будуць прынамсі відовішчы.

Захад тым часам ужо і думаць забыўся пра Украіну ды збіты малайзійскі «Боінг». А расейскі прэзідэнт зноў выйграў час.

Максім Чыгунка, belsat.eu

Стужка навінаў