Міліцыянты скралі $ 12. Сустрэча праўладнага Саюза пісьменнікаў Беларусі скончылася затрыманнямі


29 лістапада некаторых членаў Саюза пісьменнікаў Беларусі (СПБ) затрымалі міліцыянты. Паводле праваахоўнікаў, удзельнікаў зʼезду забралі ў міліцыю за зʼяўленне ў грамадскім месцы ў нецвярозым стане.

29 лістапада ў Менску прайшоў зʼезд СПБ, на якім Мікалай Чаргінец быў пераабраны кіраўніком арганізацыі.

«Учора, што называецца, пагулялі пасля пісьменніцкага зʼезда ў рэстаране Вікторыя, што знаходзіцца на праспекце Пераможцаў 59, дзесьці побач ёсць міліцэйскі ўчастак… Міністр МВД Шуневіч (так здаецца яго прошвішча?) можа справіцца, хто на тым участку дзяжурыў і да таго ўжо зганьбіў і апаганіў брудную форму міліцыянтаў, што далей ужо ніяк нельга. Нашы доблесныя міліцыянты, пэўна, вучыліся не ў акадэміях, а канчалі інстытут Рабаўніцкага, факультэт кішэннай цягі па спецыялізацыіі “Шчыпач”», – напісаў у сваім «Facebookʼу» літаратар Анатоль Кудласевіч.

Паводле Кудласевіча, яго пратрымалі ў пастарунку міліцыі каля 20 хвілін, абшукалі, але пратакол не складалі.

«Прынялі мяне, абшманалі, патрымалі хвілін 20 у абізʼянніку і адпусцілі, а вось 10 беларускіх рублёў у кішэні і 12 доллароў, якія гадоў колькі вазіў у пашпарце як НЗ, так і не знайшоў. Прафесійна працуе наша міліцыя, якая нас ахоўвае, не пагрэбавалі нават пальчаткамі. Стыдоба і ганьба. Перад тым як меня адпусцілі, у пастарунак прывялі Паўла Шруба, палоўкоўніка-ветэрана і паэта, не магу дазваніцца яму, бо вельмі цікава, яго кішэні калегі таксама падчысцілі ці не?», – пытаецца член СПБ.

Пасля візіту ў міліцыю ў Кудласевіча прапалі 10 рублёў, $ 12 і пальчатакі.

Саюз пісьменнікаў Беларусі – арганізацыя беларускіх пісьменнікаў, паэтаў, журналістаў, крытыкаў і іншых дзеячаў літаратуры, якая падтрымліваецца ўладаю. Зʼявілася ў лістападзе 2005-га пасля выхаду з СБП (ранейшая назва — Саюз пісьменнікаў БССР) часткі чальцоў, якія стварылі новую арганізацыю – «Саюз беларускіх пісьменнікаў».

ЮВ, belsat.eu

Стужка навінаў