З Еўрапарламенту эвакуявалі каля 500 асобаў праз пагрозу тэракту


Каля будынку Еўрапарламенту ў Бруселі затрымалі ўзброенага чалавека. У машыне мужчына вазіў зброю і бензапілу.

Бельгійская паліцыя затрымала 2-га лютага каля будынку Еўрапейскага парламенту грамадзяніна Славакіі, апранутага ў камуфляжную форму, інфармуе Бі-Бі-Сі.

У машыне затрыманага мужчыны знайшлі зброю і бензапілу. У выніку абвешчанай трывогі былі эвакуяваныя каля 500 чалавек з трох будынкаў парламенту.

Мужчына заявіў паліцыянтам, што ён хацеў сустрэцца з вышэйшым кіраўніцтвам Еўрапарламенту.

У Бельгіі былі ўведзеныя павышаныя меры бяспекі ў сувязі з абвешчанай тэрарыстычнай пагрозай і арыштамі асобаў, якія падазраюцца ў датычнасці да тэрарызму.

Двое падазраваных у тэрарызме былі застрэлены супрацоўнікамі сілаў бяспекі падчас перастрэлкі 16 студзеня. Гэтыя людзі вярнуліся з Сірыі, дзе адбываюцца вайсковыя дзеянні, ды планавалі тэракт.

На мінулым тыдні ўзброены чалавек з’явіўся ў студыю тэлеканала ў Нідэрландах і запатрабаваў даць яму эфір. Неўзабаве ён здаўся паліцыі.

МЯ, паводле Бі-Бі-Сі

Стужка навінаў