З дня нараджэння легенды беларускай сцэны Стэфаніі Станюты – 110 гадоў


Выбітная беларуская акторка Стэфанія Станюта нарадзілася 13 траўня 1905 года ў Менску ў сям’і менскага мастака Міхася Станюты.

Стэфанія вучылася ў царкоўнапрыходскай школе, затым у Менскай жаночай урадавай гімназіі. З 1918 года працавала статысткай, харысткай і танцоркай у Першым таварыстве беларускай драмы і камедыі Фларыяна Ждановіча, на аснове творчага калектыву якога ў 1920 годзе быў утвораны 1-ы Беларускі дзяржаўны тэатр, дзе працягвала граць.

Першую ролю акторка сыграла ў 16 гадоў у п’есе «Ганка» Уладзіслава Галубка.

З 1932 года да канца жыцця акторка прапрацавала ў Нацыянальным акадэмічным тэатры імя Я. Купалы ў Менску. Усяго акторка сыграла каля 200 роляў. У сваёй творчасці яна спалучала эмацыйнасць, выразнасць словаў і жэстаў, уменне карыстацца іроніяй і гратэскам і г.д. Народныя характары ў выкананні акторкі вылучаліся чалавечнасцю, унутранай шляхетнасцю, сціпласцю і мудрасцю.

У кіно Стэфанія Станюта пачала здымацца з 1958 года. Агулам яна выступіла ў 74 фільмах, сярод якіх – «Людзі на балоце», «Белыя росы», «Атрад» і іншыя. Акторкі не стала ў 2000 годзе.

Праграма «Рэмарка» прапануе падборку відэафрагментаў з некаторых фільмаў, дзе знялася выбітная акторка.

Максім Ярашэвіч, belsat.eu

Стужка навінаў