З чым ездзіў Лукашэнка ў Афрыку і што адтуль прывёз?

video

Трохдзённае турнэ кіраўніка Беларусі ў Егіпет і Судан. Візіт на найвышэйшым узроўні прынёс нашай краіне дамову на тры мільёны долараў з Каірам і цьмяную магчымасць распрацоўвання нафтавых радовішчаў супольна з Хартумам. Ці вартыя такія вынікі візіту найвышэйшага ўзроўню, ці, магчыма, кіраўнік Беларусі прывёз у Афрыку іншую прапанову?

Першы быў Егіпет. Візіт высокага госця прыпаў акурат напярэдадні беларуска-егіпецкага бізнес-форуму. Але перад гэтым Лукашэнка сустрэўся з мясцовым міністрам абароны Сэдкі Собгі.

«У нас ж няма закрытых тэмаў для супрацы і мы гатовыя прапанаваць вам усю магчымую дапамогу і падтрыманне, калі вы будзеце ў гэтым зацікаўленыя. Мы таксама з прэзідэнтам дамовіліся, што вы падбераце час і прыедзеце ў Беларусь, і калі вам нашыя тэхналогіі пададуцца прымальнымі, будзем разам працаваць», – сказаў на сустрэчы кіраўнік Беларусі.

Лукашэнка паехаў прадаваць зброю?

Якія тэхналогіі могуць прывабіць міністра абароны з краіны, дзе толькі на мінулым тыдні ў прадмесцях сталіцы ў тэрарыстычнай атацы загінулі восем праваахоўнікаў, здагадацца не цяжка.

«Калі гучыць гэтая фраза: «няма закрытых тэмаў» – значыць, гаворка вядзецца пра продаж узбраення. Такая ідэя: па лыжачцы прадаць усім, то бок, замест адной вялікай Расеі знайсці процьму дробных рынкаў. І Лукашэнка лічыць, што калі наладзіць кантакты ў такіх аўтарытарных краінах, як у нас – то гэта дасць поспех», – мяркуе вайсковы аглядальнік Аляксандр Алесін.

Падчас сустрэчы з Міністрам абароны і ваеннай прамысловасці Егіпта Сэдкі Сабхі. Фота president.gov.by

То бок гэта працяг бясконцага пошуку рынкаў, альтэрнатыўных расейскаму. Летась у кастрычніку былі Узбекістан і Пакістан – сёння Афрыка. Што Беларусь можа прапанаваць краінам трэцяга свету, акрамя ўзбраення?

«Беларусь вырабляе прадукцыю для небагатых, а скажам наўпрост – бедных краінаў. І чым характарызуецца гэтая прадукцыя – прастатой, тым, што там мінімум электронікі. Што яна танная і яе можа рамантаваць карыстальнік», – кажа Аляксандр Алесін.

То бок усё тое ж: сельскагаспадарчая тэхніка і трактары. Судан і Егіпет – адныя з нешматлікіх афрыканскіх краінаў, што дзякуючы Нілу могуць весці актыўную сельскую гаспадарку. А сваймі егіпецкімі кліентамі ва ўзнагароджаным на Каннскім фестывалі роліку хваліцца нават МТЗ.

З Егіпту ў Судан

З Егіпту – у Судан, які сустрэў кіраўніка Беларусі залатымі аўтаматамі ды няёмкім выкананнем дзяржаўнага гімну. Тут, пасля сустрэчы з прэзідэнтам Умарам аль-Башырам, на якога Міжнародны крымінальны суд выдаў ордэр на арышт за генацыд соцень тысячаў чалавек, Лукашэнка распавёў паўпустому парламенту краіны, якая яшчэ летась была на апошнім месцы ў свеце паводле абароны правоў чалавека, пра палітыку міру і шматвектарнасці.

«Тое, што перажываеце вы, мы перажывалі ў свой час. Вы перажываеце гэты перыяд. І вы павінныя ведаць, што ў вас ёсць сябры, якія маюць падобны досвед і маюць усё тое, што вам сёння патрэбна», – падзяліўся Лукашэнка.

На нашае шчасце, Беларусь ніколі не перажывала грамадзянскай вайны, як гэта было ў Судане. Канфлікт, што скончыўся ў 2005 годзе, разгарэўся з новаю сілаю ўсяго чатыры гады таму, і нават цяпер дзяржава далёкая да спакою. У такой краіне афіцыйны Менск збіраецца супольна з мясцовымі кампаніямі здабываць нафту.

«Прынамсі ў трох правінцыях вядуцца баявыя дзеянні, прычым гэта тыя правінцыі, дзе размешчаныя радовішчы, або якія проста мяжуюць з радовішчамі нафты. Адпаведна, вялікія кампаніі і сурʼёзныя гульцы асцерагаюцца ісці ў такія краіны», – мяркуе Ігар Тышкевіч, эксперт праграмы «Міжнародная і ўнутраная палітыка» Украінскага інстытуту будучыні.

Колькі зброі Беларусь прадае ў Афрыку

Тым ня менш, вядомыя запасы чорнага золата ў Судане сягаюць ня менш як двух мільярдаў тонаў нафты. Да параўнання, у нашай краіне за паўстагоддзя здабылі каля 130 мільёнаў тонаў. Да таго ж, нашая краіна апасродкавана дапамагае мясцовым уладам развязаць праблему канфлікту на нафтавых радовішчах. Вядома, што за апошнія тры гады Менск прадаў Хартуму не менш за шэсць бамбавікоў СУ-24 і прынамсі адзін верталёт МІ-8. Колькі зброі Беларусь прадае ў Афрыку – сказаць немагчыма.

«Я б не браўся ацэньваць канкрэтныя абʼёмы, бо так: частка ідзе праз афіцыйныя крыніцы. Частка ідзе праз недзяржаўныя, што супрацоўнічаюць з беларускім ВПК. Частка ідзе па шэрых схемах, то бок пра ўгоды даведваешся праз пару гадоў», – кажа Ігар Тышкевіч, эксперт праграмы «Міжнародная і ўнутраная палітыка» Украінскага інстытуту будучыні.

Афіцыйна ж гандаль з Суданам сягае ўсяго больш як сарака мільёнаў долараў за год. Прычым Беларусь у гэтай краіны не купляе нічога. У выпадку Егіпту гэта лічба – у чатыры разы большая. Навошта да партнёраў такога ўзроўню едзе сам кіраўнік краны, мы, магчыма, у статыстыках Белстату гэтак і не пабачым.

Усевалад Шлыкаў belsat.eu


У апошнім выданні «ПраСвету»:

Куды Трамп павядзе Злучаныя штаты? Ці ўдалася ідэя Трампа па здзелцы з Пуціным?  Беларус у Іраку: «Мы не спалі ў гатэлях, бо могуць прадаць у Ісламскую дзяржаву» Глядзіце «ПраСвет» з Сяргеям Пелясой.

Глядзі таксама
Каментары