З Чарнагорыі выслалі сем грамадзянаў Беларусі – чальцоў секты «Аум Сінрыкё»


Улады Чарнагорыі выслалі з краіны 58 замежнікаў, якіх падазраюць у членстве ў «Аум Сінрыкё». Сямёра з іх – беларусы.

Чацвёра высланых – японцы, 43 – расейцы, трое – украінцы, адзін – з Узбекістана. Усе яны жылі ў арандаванай імі гасцініцы, гаворыцца ў заяве МУС Чарнагорыі, якую распаўсюдзілі замежныя медыі.

У Расеі ў пачатку красавіка праваахоўныя органы правялі ператрусы ў 25 памяшканнях, як мяркуецца, звязаных з «Аум Сінрыкё». Нягледзячы на ​​тое, што секта забароненая ў Расеі, пракуратура сцвярджае, што ў краіне можа быць да 30 тыс. яе членаў, акрамя таго, сектанцкая групоўка актыўна збірае ахвяраванні. У Маскве і Пецярбургу былі затрыманыя і дапытаныя каля 30 чалавек, аднак затрыманых адпусцілі, бо тыя змаглі запэўніць, што займаліся ёгай. Аднак шэраг экспертаў паказваюць, што адэпты гэтай секты часта маскуюць сваю дзейнасць пад іншыя заняткі, у тым ліку клубы каратэ і ёгі.

У кастрычніку супраць шэрагу меркаваных структураў «Аум Сінрыкё» была распачатая крымінальная справа па факце «стварэння некамерцыйнай арганізацыі, якая робіць замах на асобу і правы грамадзянаў».

«Аум Сінрыкё» («Алеф») была ўключана ў спіс тэрарыстычных арганізацыяў, а яе дзейнасць забароненая на тэрыторыі шмат якіх краінаў пасля таго, як у 1995 годзе створаная ў Японіі секта арганізавала тэракт з ужываннем атрутнага газу ў такійскім метро. Тады загінулі 13 асобаў, каля 6 тыс. асобаў пацярпелі.

«Аум Сінрыкё» перакладаецца як «Вышэйшая ісціна» або «Вучэнне ісціны». Секта ўзнікла ў 1980-х гадах. Першапачаткова яе эклектычнае вучэнне сумяшчала прынцыпы будызму і індуізму, а затым ўключыла ў сябе апакаліптычныя хрысціянскія прароцтвы.

НМ, belsat.eu, паводле Krynica.info

Стужка навінаў