«З Божай дапамогай і па распараджэнні Лукашэнкі». Расейскі алігарх Гуцырыеў інвестуе 600 млн долараў у калійны камбінат


Кампанія «Слаўкалій» расейскай прамыслова-фінансавай групы «Сафмар», што належыць алігарху Міхаілу Гуцырыеву, укладзе 600 млн долараў у рэалізацыю новага калійнага праекту ў Беларусі – пабудову Нежынскага горна-абагачальнага комплексу ў Любанскім раёне Менскай вобласці. Пра гэта Гуцырыеў распавёў у інтэрвю тэлеканалу РБК.

«Так, мы ў Беларусі актыўныя, будуем вялізарны бізнес з Божай дапамогай і па распараджэнні кіраўніка Беларусі і беларускага ўраду. У нас ёсць радовішча з запасамі каля 3 млрд тон калію. Мы прыцягнулі інвестара, Кітайскі банк развіцця выдзеліў нам крэдытную лінію на 1,44 млрд долараў на 14 год са стаўкай 4% гадавых. Ад агульнай сумы кантракта ў 2 млрд долараў мы мусім пакласці сваю частку (300 млн долараў) і сплачваць усе працэнты. Атрымліваецца, што недзе 600 млн долараў – гэта мы, а 1,4 млрд – гэта кітайскі ўрад», – адзначыў Гуцырыеў.

Паводле ягоных слоў, у будаўніцтве комплеску прымае ўдзел нямецкая кампанія Herrenknecht і «яшчэ адна нямецкая кампанія». Спецыялісты ўжо пачалі ўзводзіць шахту, завершыць будаўніцтва плануецца праз чатыры гады.

Беларускія ўлады і Гуцырыеў дамовіліся аб будаўніцтве ў Любанскім раёне Нежынскага горна-абагачальнага комплексу яшчэ ў 2011 годзе. Да 2015 году праца над праектам ішла запаволена – яна актывізавалася пасля атрымання крэдыту ад Дзяржаўнага банку развіцця Кітаю. На ўрачыстай цырымоніі, прымеркаванай да пачатку будаўніцтва, Лукашэнка сказаў Гуцырыеву, што калі той «створыць Любань, як цукерку, яе пераймянуюць у Гуцырыеўск».

Сёлета на сустрэчу з Гуцырыевым і бізнесменам Віктарам Пракапеней Лукашэнка прыехаў на «Майбахе», які раней яму падараваў сам Гуцырыеў. Падарунак каштаваў прыкладна 370-430 тысяч еўра як самы дарагі серыйны аўтамабіль прадстаўніцкага класу.

Тады Лукашэнка прызнаўся, што дарагую машыну падараваў яму «сябар Міша».

Міхаіл Гуцырыеў – расейскі бізнэсмен, галоўны акцыянер прамыслова-фінансавай групы «Сафмар», займае 20 месца ў спісе Forbes з маёмасцю ў 6,3 млрд долараў. У 2007 годзе афіцыйна заявіў пра ціск з боку расейскіх уладаў і ўцёк у Лондан. Аднак праз тры гады вярнуўся ў Маскву і працягнуў кіраваць падкантрольнымі кампаніямі. У СМІ ён сцвярджаў, што ўцякаў у Лондан праз Менск.

Кацярына Андрэева, belsat.eu, фота president.gov.by

Стужка навінаў