З беларускага войску звольнены камандзір часткі ў Пячах, дзе загінуў Аляксандр Коржыч


Мінабароны Беларусі паведаміла пра звальненне з Узброеных сіл камандзіра вайсковай часткі – начальніка школы, у якой праходзіў службу жаўнер Аляксандр Коржыч.

«Падчас праверкі вайсковым ведамствам стану правапарадку ў 72 аб’яднаным навучальным цэнтры за непрыняцце мер па перадухіленні гібелі асабістага складу, падтрыманню ўнутранага парадку загадам Міністра абароны звольнены з шэрагаў Узброеных сіл камандзір вайсковай часткі – начальнік школы, у якой праходзіў службу радавы Аляксандр Коржыч. Раней вайсковым ведамствам паведамлялася аб адхіленні ад пасад шэрагу службовых асоб 72 АНЦ і звальненні з шэрагаў Узброеных Сіл чацвярых вайскоўцаў», – паведамляюць у прэс-службы Мінабароны.

У Мінабароны адзначаюць, што праверка працягваецца.

Сення стала вядома, што Следчы камітэт распачаў восем крымінальных спраў у дачыненні да васьмі вайскоўцаў па арт. 443 (дзедаўшчына), 455 (бяздзейнасць улады, што пацягнула цяжкія наступствы), 209 (махлярства) Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, паведамляе прэс-служба СК. Акрамя таго, крымінальныя справы распачатыя ў дачыненні да 2 афіцэраў. На дадзены момант у ліку падазраваных – 7 малодшых камандзіраў (сяржанты), старшыня роты і 2 афіцэры.

21-гадовага жаўнера Аляксандра Коржыча 3 кастрычніка знайшлі павешаным у падвале на тэрыторыі вайсковай часткі ў Пячах. Паводле сваякоў і сяброў Аляксандра, хлопец стаў ахвярай дзедаўшчыны: у яго вымагалі грошы, яго білі, над ім здзекваліся і ў выніку забілі, а потым імітавалі самазабойства.

Паводле СК, труп Коржыча знайшлі са звязанымі шнурком нагамі і надзетай на галаву майкай.

ІІ, belsat.eu

Стужка навінаў