З БДУ адлічаюць удзельніка «Марша студэнтаў»: залік не паставіла дачка Івана Шамякіна

video

Глеб Вайкуль – у цэнтры

У студэнта 2-га курсу філалагічнага факультэту БДУ Глеба Вайкуля, які ўдзельнічаў у «Маршы студэнтаў» 2 снежня, падчас заліковай сесіі склаліся праблемы са здачай аднаго заліку. Гэты залік, па словах хлопца, ставіўся ўсім студэнтам «аўтаматам», але ён чамусьці стаў выключэннем.

Глеб Вайкуль два разы здаваў залік, і кожны раз выкладчык Таццяна Шамякіна, дачка беларускага пісьменніка Івана Шамякіна, яго не ставіла, спасылаючыся на недакладнасці і няправільныя фармуліроўкі. На трэці раз малады чалавек здаваў прадмет ужо камісіі:

«5 студзеня я здаваў залік камісіі з трох чалавек, у тым ліку там прысутнічала і Таццяна Шамякіна. Я адказаў на ўсе пытанні па білеце, і два сябры камісіі былі згодныя з тым, што я валодаю інфармацыяй па прадмеце і мне можна паставіць залік. Але Таццяна Іванаўна казала, што я адказваў няправільна, задавала дадатковыя пытанні не паводле білета. Я адказваў і на гэтыя пытанні, але ў выніку, выкладчыца сказала, што хоча сустрэцца яшчэ раз на пераздачы. Я здзівіўся, таму што камісія – апошняя інстанцыя. Але я паверыў аўтарытэту выкладчыцы», – расказаў студэнт.

Але пазней, інфармацыя пра пераздачу заліку камісіі не спраўдзілася, Глеб Вайкуль не змог датэлефанавацца да выкладчыцы. А сёння пабачыў сваё прозвішча ў спісе студэнтаў на адлічэнне.

Студэнт дакладна не можа звязаць няздачу заліку з удзелам у «Маршы студэнтаў», але ён неаднаразова чуў з розных крыніц, што яго могуць адлічыць за актыўную пазіцыю і адкрытае выказванне свайго меркавання.

«Я рыхтаваўся да ўсіх залікаў і іспытаў, я быў упэўнены, што супраць мяне будуць правакацыі. Але спадзяваўся, што я здам усе іспыты. Аднак не чакаў, што мяне «заваляць» і гэта адбудзецца менавіта на заліку Таццяны Іванаўны Шамякінай», – кажа Глеб Вайкуль і спадзяецца, што дэканат дазволіць пераздаць яшчэ раз.

Акцыя «Марш студэнтаў» прайшла ў Менску 2 снежня. На ёй маладыя людзі патрабавалі ў адміністрацыі ўніверсітэту ўдзелу ў кіраванні ВНУ і адмены платных пераздачаў залікаў і іспытаў. Акцыя сабрала каля сотні ўдзельнікаў, падчас яе нікога не затрымлівалі, але на некаторых удзельнікаў былі складзеныя адміністратыўныя пратаколы.

https://www.youtube.com/watch?v=oMB_RL3cJ6w

У тым ліку быў складзены пратакол і на Глеба Вайкуля, пазней ён быў абвінавачаны па ч. 1 арт. 23.34 КаАП «Парушэнне парадку арганізацыі ці правядзення масавых мерапрыемстваў» і асуджаны да штрафу ў 18 базавых велічынь (3,24 млн рублёў).

https://www.youtube.com/watch?v=Nn7ixqo_UtU

МЯ, паводле spring96.org

Глядзі таксама
Каментары