Развітацца з нябожчыцай прыйшлі яе муж, дачка, родныя, сябры, аднакласнікі, а таксама шматлікія прадпрымальнікі.
Людзі прынеслі кветкі і свечкі, узялі ўдзел у памінальнай малітве. Беручы слова на развітанне, прадпрымальнікі называлі нябожчыцу героем, якая прыняла ўвесь удар на сябе.
«Алена сваім жыццём выратавала іншых людзей, калі шалік, завязаны на яе шыі, ублытаўся ў пілу і спыніў яе», – цытуе адну з прамоўцаў радыё «Свабода».
Лідар прадпрымальніцкай арганізацыі «Перспектыва» Анатоль Шумчанка, які таксама прыйшоў на пахаванне, адзначыў вялікую ролю прадпрымальнікаў у ратаванні людзей.
«Смерцяў было б нашмат больш, каб прадпрымальнікі не спынілі забойцу. Не ахова, не міліцыя, а самі гандляры паўсталі на абарону сябе і наведнікаў цэнтру, – нагадаў Анатоль Шумчанка. – «Перспектыва» ўжо звярнулася да міністра ўнутраных справаў, каб гэтыя людзі былі адзначаныя».
«А далей паўстае пытанне больш пільнай аховы ня толькі гандлёвых цэнтраў, але і іншых месцаў масавага зграмаджэння людзей. Як сказала адна з прадпрымальніц, у будынкі дзяржаўнай улады забойца з бензапілой не зайшоў бы. Таму галоўнае – зрабіць высновы з таго, што адбылося», – лічыць Шумчанка.
Пасля развітання жалобны картэж накіраваўся ў крэматорый.
Алене Александронец, забітай у гандлёвым цэнтры «Еўропа» у суботу, было 43 гады.
ДД, belsat.eu; фота: svaboda.org