З 23 чэрвеня атрымаць шэнгенскую візу можна будзе пасля здачы адбіткаў пальцаў


Амбасады і кансулаты дзяржаваў Шэнгенскага пагаднення ўводзяць візавую інфармацыйную сістэму (ВІС). Грамадзянам краінаў Усходняга партнёрства прыйдзецца здаваць адбіткі пальцаў.

Увядзенне ВІС суправаджаецца абавязковым прадастаўленнем усімі заяўнікамі, старэйшымі за 12 год, біяметрычных дадзеных (адбіткі пальцаў і біяметрычны фотаздымак), паведамляе Консульскі аддзел польскай амбасады. З гэтай нагоды на падачу дакументаў на атрыманне візы давядзецца прыйсці асабіста.

«Пасля атрымання адбіткаў пальцаў яны захоўваюцца цягам 59 месяцаў і могуць паўторна выкарыстоўвацца пры падачы новых візавых хадайніцтваў. Такім чынам, неабходнасць асабістай прысутнасці заяўніка можа адпасці на наступныя пяць год ад моманту апошняй працэдуры зняцця адбіткаў пальцаў, нават калі працэдура адбывалася ў прадстаўніцтве іншай дзяржавы-удзельніка Шэнгенскай дамовы», – паведамляецца на сайце консульскага аддзелу.

Праз доступ да базы дадзеных ВІС памежныя органы змогуць спраўдзіць асобу кожнага грамадзяніна, які ўязджае ў прастору Шэнген.

Ад абавязку прадастаўляць адбіткі пальцаў вызваляюцца асобы, якія фізічна не ў стане гэта зрабіць, напрыклад, пры адсутнасці пальцаў. Калі іх менш за 10, то бяруцца адбіткі пальцаў, якія ёсць. Пры наяўнасці іншых часовых перашкодаў (напрыклад, падчас пералому пальцаў) неабходнасць прадастаўляць адбіткі пальцаў таксама можа адпасці. Аднак гэта трэба будзе зрабіць падчас наступнай падачы візавага хадайніцтва.

НМ, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары