«З 19 верасня баевікі павялічылі свой уплыў на 500 квадратных кіламетраў»


Эксперт украінскага Цэнтру аператыўна-стратэгічнага аналізу Пятро Копка ў размове з «Белсатам» тлумачыць, чаму не працуюць менскія дамоўленасці па спыненні агню і ці можна вырашыць канфлікт на Данбасе мірным шляхам.

Чарговыя менскія перамовы мусілі адбывацца на фоне моцных атак незаконных узброеных фармаваннях т.зв. ДНР і ЛНР на тэрыторыі, кантраляваные ўкраінскім войскам. Перспектыву мірнага развязання канфлікту на Данбасе абмяркоўваем з экспертам украінскага Цэнтру аператыўна-стрэтэгічнага аналізу Пятром Копкам.

«Белсат»: Наколькі зараз мэтазгодна вяртацца да менскага фармату перамоваў і што там абмяркоўваць: выкананне папярэдніх дамоўленасцяў ці шукаць іншыя шляхі?

Пятро Копка: Фарматы складваліся паступова. У красавіку быў Жэнеўскі фармат, у чэрвені – Нармандскі, у верасні – менскія дамоўленасці. Менскі фармат – самы канкрэтны, калі можна так сказаць. Ён займаецца непасрэдна правядзеннем маніторынгу на тэрыторыі баявых дзеянняў. Узнікае пытанне: ці варта весці перамовы з тымі, хто прымае ўдзел у канфлікце з таго боку? Я лічу, што варта. Дакументы, якія былі падпісаныя ў Менску 5 і 19 верасня, змяшчаюць подпісы кіраўнікоў так званых ЛНР і ДНР – яны ўзялі на сябе абавязкі з юрыдычнага пункту гледжання. З іншага боку – гэта адзіныя людзі, да якіх можна данесці нейкія свае занепакоенасці.

«Белсат»: У той жа час сітуацыя схіляе да думкі, што Украіна патрабуе прамой вайсковай дапамогі. Наколькі верагодна, што такая дапамога прымусіць Расею і баевікоў выконваць дасягнутых дамоўленасцяў?

Пятро Копка: Такая дапамога можа паступіць толькі ад Еўропы альбо ад ЗША. Але зараз ні першыя, ні другія не гатовыя да гэтага, таму што вельмі шмат нявырашаных пытанняў у гэтым канфлікце.

Наконт, ці вымусяць Расею пастаўкі абавязаць сепаратыстаў скончыць баявыя дзеянні – сумняюся. Хутчэй, гэта будзе пасрэдны ўплыў: калі ўкраінскае войска па-сапраўднаму ўстане на ногі і будзе ўзброенае – тады можа нешта і зменіцца.

Шчыра сказаць, не бачу вайсковага вырашэння канфлікту.

ДНР і ЛНР пасля 19 верасня паспрабавалі выкарыстаць перамір’е, каб выйсці за межы, што былі пазначаныя ў дакуменце. Па нашых прыблізных адзнаках яны павялічылі свае тэрыторыі на 500 квадратных кіламетраў. Гэта сведчыць пра тое, што дамоўленасці не выконваюцца.

Стужка навінаў