Ад 1 студзеня вырасце базавая велічыня. Што зменіцца?


Ад новага года яна будзе складаць 23 рублі. Цяпер базавая велічыня – 21 рубель.

Такое рашэнне прыняў Савет міністраў Беларусі.

Апошняе павышэнне базавай велічыні адбылося напачатку сёлета – 1 студзеня 2016 года яна вырасла са 180 тысяч да 210 тысяч недэмінаваных рублёў.

Базавую велічыню ўвялі 1 сакавіка 2002 года. У Беларусі яе ўжываюць для вылічэння цэлага шэрагу паказнікаў, да яе прывязаныя памеры сацыяльных выплат, дапамог і стыпендый, а таксама штрафаў.

Што зменіцца

Штрафы павялічацца. Безбілетны праезд будзе каштаваць 11,5 замест 10,5 рублёў.

Вырасце дапамога беспрацоўным. Максімальная дапамога складзе 46 рублёў (цяпер 42 рублі).

Падаражэюць разводы – з 84 рублёў да 92, пажаніцца таксама стане даражэй на 2-4 рубля.

Вырастуць натарыяльныя і рыэлтарскія паслугі.

Таксама павялічацца некаторыя падаткі: збор за рамесніцтва, аграэкатурызм, падатак на сабак. А таксама і падатак на дармаедства – 460 рублёў замест цяперашніх 420.

Першая базавая велічыня складала 10 тысяч рублёў. Амаль за 14 гадоў базавая велічыня павялічвалася ў 18 разоў.

ДР belsat.eu паводле БелаПАН, onliner.by

Стужка навінаў