Юрыстка Крысціна Мурашова: Бывае, што пытаюць, як адкасіць ад размеркавання


Крысціна Мурашова. Фота УКантакце

Братэрства арганізатараў студэнцкага самакіравання (БАСС) запусціла гарачую тэлефонную лінію для выпускнікоў і маладых адмыслоўцаў па пытаннях размеркавання.

Гарачая лінія па пытаннях размеркавання запрацавала на гэтым тыдні. Пра гэтае паведаміла «Белсату» Крысціна Мурашова, кіраўніца інфармацыйна-практычнае ўстановы «Студэнцкая фабрыка думкі».

Топавыя пытанні па размеркаванню

Спадарыня Крысціна апісала асноўныя пытанні, з якімі звяртаюцца беларускія маладыя адмыслоўцы і выпускнікі:

  • пераразмеркаванне ў сувязі са шлюбам, у тым ліку з замежнікам,
  • навучанне у магістратуры, у тым ліку, за мяжой,
  • што рабіць, калі няма заявак ад працадаўцаў,
  • як аформіць індывідуальную заяўку.

«Бывае, што задаюць пытанне: «Як адкасіць ад размеркавання? Мой адказ: хочаце адкасіць ад размеркавання і не маеце падставаў дзеля вызвалення ад звароту сродкаў, адзіны законны спосаб – заплаціце сродкі за сваё навучанне і касіце далей. Дзяржаву не хвалюе ні вашае права на выбар працоўнага месца, ні вашыя жаданні», – каментуе звароты студэнтаў Крысціна Мурашова.

Пракаментавала яна і тое, як выпускнікі рэагуюць на «дармаедскі» дэкрэт:

«Калі зʼявіўся дэкрэт, быў вакол гэтага вялікі ажыятаж. Але цяпер пытанні на тэму дэкрэту на «дармаедства» перасталі задаваць. Тым больш, што калі выпускнік не пойдзе працаваць па размеркаванню, ён абавязаны выплаціць дзяржаве кошт навучання. А гэта нашмат больш, чым падатак на «дармаедства»».

Як працуе гарачая лінія па пытаннях размеркавання

Кансультацыі аказваюць эксперты праграмы «Размеркаванне БАСС». Сярод іх Крысціна Мурашова. Кансультанты працуюць з панядзелка па чацвер, чатыры дні на тыдзень з 12:00 да 15:00.

Пытанні ад студэнтаў прымаюцца:

  • у панядзелак і сераду па тэлефоне +375 29 615 03 24
  • у аўторак і чацвер на нумар +375 44 749 81 39

Арганізатары гарачай тэлефоннай звяртаюць увагу:

  1. У розныя дні працуюць розныя кансультанты, у якіх розныя нумары тэлефона.
  2. Кансультанты не праводзяць кансультацыі па-за вызначанага прамежку часу.
  3.  У выпадку неабходнасці ўдакладнення заканадаўства, або калі праблема занадта абʼёмная для вырашэння яе па тэлефоне, кансультант можа папрасіць пра час для пошуку адказу.

Праграма «Размеркаванне БАСС» працуе больш за два гады і пастаянна праводзіць кансультацыі для выпускнікоў. 27 студзеня 2017 года з правядзення сустрэчы ў Менску распачаўся новы сезон мерапрыемстваў. На працягу некалькіх месяцаў эксперты праграмы наведаюць усе абласныя гарады і правядуць яшчэ некалькі сходаў у сталіцы.

Прыйсці на сустрэчы, якія ладзяць БАСС, а таксама звярнуцца за анлайн-кансультацыяй ці на гарачую лінію можа любы ахвочы, і атрымаць бясплатную дапамогу.

ВД, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары