Юрый Рубцоў: «Лукашэнка проста адпусціў закладнікаў» (+інтэрв'ю)


Былы палітвязень Юры Рубцоў даведаўся пра сваё вызваленне, знаходзячыся ў штрафным ізалятары (ШІЗА) Бабруйскай папраўчай калоніі. Пра гэта ён распавёў журналістам у ноч з 22 на 23 жніўня, па прыбыцці дадому ў Гомель. 

Паволде Рубцова, з 14-ці дзён знаходжання ў Бабруйскай калоніі № 13 ён правёў у ШІЗА. Зняволены меўся выйсці адтуль 23 жніўня а 16:20. 22-га пасля вячэры яго выклікалі да начальства і загадалі сабраць рэчы, нічога не патлумачыўшы. Затым Рубцова вывелі за кантрольна-прапускны пункт, вынеслі яго чамадан і прапанавалі пераапрануцца ў сваю вопратку. Толькі пасля гэтага актывісту паведамілі, што ён памілаваны рашэннем прэзідэнта.

Рубцоў вельмі здзіўлены і незадаволены з таго, што яго памілавалі, бо, па словах актывіста, яго мусілі апраўдаць.

«Лукашэнка зрабіў чарговы фінт, вызваліў людзей, якіх узяў у закладнікі», – сказаў былы палітвязень. 

Паводле Рубцова, у папраўчых установах з людзьмі абыходзяцца груба, як з жывёлаю, «размаўляюць толькі крыкам», есці людзі вымушаныя там жа, дзе ходзяць у туалет. Актывіст таксама заявіў, што з боку адміністрацыі калоніі да яго ўжываліся розныя рэпрэсіі, але гэта яго не зламала.

Рубцоў распавёў, што да пераводу ў Бабруйскую калонію, калі яго яшчэ трымалі ў следчым ізалятары ў Баранавічах, ён вышыў сабе на кашулі зварот да працаўнікоў СІЗА. На спіне было вышыта: «Асудзіўшы мяне, вас пазбавілі права абурацца з жабрацкай зарплаты», на грудзях: «Называйце рэчы сваймі імёнамі».

Рубцоў перакананы, што ніводная палітычная сіла не павінна ўдзельнічаць у цяперашніх прэзідэнцкіх выбарах, бо «гэта фарс». Гаворачы пра свае найбліжэйшыя планы, гомельскі актывіст заявіў, што будзе «змагацца далей».

belsat.eubelapan.by

Стужка навінаў