Юрый Рубцоў: «Калі яшчэ раз пасадзяць – жонка чакаць не будзе»


Юрый Рубцоў: «Калі яшчэ раз пасадзяць – жонка чакаць не будзе»
54-х гадовы гамяльчук Юрый Рубцоў быў асуджаны на паўтары гады папраўчай калоніі адкрытага тыпу за абразу суддзі. Падчас адбыцця пакарання Рубцоў адмаўляўся ад працы праз нізкую аплату, патрабуючы забяспечыць яго заробкам у 600 долараў, які, паводле афіцыйнай статыстыкі, з’яўляўся сярэднім па краіне. У сувязі з гэтым атрымаў новую крымінальную справу, і сёлета ў траўні быў асуджаны на два гады калоніі агульнага рэжыму.

У інтэрв’ю журналісту Belsat.eu Яўгену Балінскаму былы палітвязень дзеліцца перажываннямі за будучыню сваёй сям’і, а таксама распавядае, як у 53 гады ўмудрыўся стаць палітвязням, усё жыццё да гэтага прапрацаваўшы кіроўцам.

Канцлагер у цэнтры Еўропы: ці то на волі, ці то ў турме

– Падзяліцеся, калі ласка, сваймі эмоцыямі.
– Моцных эмоцый няма ад гэтага вызвалення – не было прынята рашэнне аб маёй невінаватасці, хоць ніякай маёй віны ні ў чым няма. Вядома, я рады сустрэчы з сям’ёй, з унукамі, жонкай, з сынам, што магу хадзіць па вуліцы, але па-ранейшаму я адчуваю сябе так, быццам я ў турме.

– Чаму?
– Па-ранейшаму, Беларусь – практычна як адзіны канцлагер. Сёння мне сын сказаў, што ў яго з’явіліся праблемы на працы праз мяне – яму абмежавалі дзейнасць, прама сказаўшы, што праз бацьку. Сказалі яму, маўляў, нам тэлефанавалі з КДБ, і далі такі наказ, каб трошкі дзейнасць майго сына абмежаваць. Ціск працягваецца, і не толькі на мяне. І радавацца тут асабліва няма чаго.

[vc_single_image image=”368390″ img_size=”large”]

Памілаванне або заключэнне?

– Вы казалі, што вельмі незадаволеныя тым, што вас менавіта памілавалі – вы б хацелі застацца ў зняволенні?

– Вельмі цяжкае і неадназначнае пытанне. Вядома, у заключэнні таксама не хочацца быць, гэта зразумела. Сказаць, што я хацеў бы застацца ў зняволенні я не магу. Але вельмі шкада, вядома, што мяне не апраўдалі.

– Вы плануеце неяк дзейнічаць у справе вашай рэабілітацыі?
– Я буду падаваць у суды і імкнуцца даказаць, што тыя, хто вынес мне гэты прысуд, самі з’яўляюцца злачынцамі. Яны парушылі не адну, а цэлы шэраг артыкулаў крымінальна-працэсуальнага кодэкса. Асноўнае парушэнне заключаецца ў тым, што прысуд быў заснаваны на здагадках, а не на фактах, што забаронена. Я не адмаўляўся ад працы, а мяне яшчэ і за гэта пакаралі.

– Якога выніку вы чакаеце ад гэтай барацьбы за апраўданне?
– Не ведаю, ці пойдзе ўлада на саступкі. Усе палітвязні стаяць на ўліку, і гэта значыць толькі тое – у кожны момант можна «арганізаваць» нам адміністрацыйнае правапарушэнне – атрымаюць два міліцыянты даручэнні зверху, і скажуць, што я лаяўся матам на вуліцы, вось і будзе правапарушэнне. Тры такія парушэнні – могуць і назад за краты упекчы. І для іх гэта вельмі лёгка зрабіць.

[vc_single_image image=”368391″ img_size=”large”]

Слугі народа ці гаспадары жыцця?

– Вы сёння былі ў міліцыі – як там вас прымалі?
– Каб стаць на ўлік трэба сабраць шэраг подпісаў, у тым ліку, з крымінальнага вышуку. Прыйшоў я туды, сустрэлі мяне там не вельмі ветліва – гутарка супрацоўніка пачалася з мата ў мой адрас. Яны прывыклі так размаўляць з людзьмі. Ні ў калоніях, ні ў СІЗА нармальнай мовай са зняволенымі не кантактуюць – мат, крык, торканне. Для іх гэта нармальная практыка. Вось і гэты супрацоўнік не паглядзеў нават, колькі мне гадоў, адразу пачаў матам, маўляў, заходзь хутчэй, ды ты, да то, ды сёе. Ён на службе, ён чыноўнік, а хто я?

– Як думаеце, навошта вас усіх вызвалілі адначасова?
– У мяне няма адказу. Можа быць улады трэба міжнароднае прызнанне выбараў. Каб міжнародныя назіральнікі прыехалі ў Беларусь, назіралі за выбарамі. Але я заклікаю гэтага не рабіць – навошта глядзець на гэты спектакль пад назвай «выбары». Якія могуць быць выбары, калі на ТБ апазіцыю не ўбачыш? Які сэнс у гэтым удзельнічаць?

– Што вы думаеце пра тое, што ЕС разглядае магчымасць зняць санкцыі з Беларусі ў сувязі з вызваленнем палітвязняў?
– Думаю, гэта фармальнасць. Бо ў ЕС няма такога, каб кіраўнік указваў прадпрымальніку або бізнесоўцу адкрыць нейкае прадпрыемства ў Беларусі, і забараніць таксама не можа – прадпрымальнік сам вырашае, можна гэта рабіць ці не. Бізнесоўцы – разумныя людзі, якія не пойдуць у краіну, дзе не выконваюцца законы. Больш за тое, на Захадзе павінны падумаць, на што рэальна пойдуць магчымыя крэдыты: на паляпшэнне жыцця грамадзянаў краіны або на працягненне агоніі нашай улады? Перш, чым даваць гэтыя крэдыты, яны павінны пра гэта падумаць.

«Пад старасць дайшло, што ўлада паводзіць сябе не па-чалавечы»

– У 52 гады вы сустракалі Новы год на Майдане ў Кіеве, потым сталі «свяціцца» у сваіх майках – чаму раптам пад старасць гадоў Вы вырашылі так дзейнічаць?
– Я ўсё жыццё працаваў кіроўцам, і ў мяне была маса такіх выпадкаў, калі я выразна бачыў, што я, дапусцім, рабіў нешта па закону, а ад мяне патрабуюць рабіць не па закону. У мяне ўзнікала шмат спрэчак, не заўсёды дагаджаў начальнікам – напрыклад, калі начальства казала адкрытыя глупствы. Выразную характарыстыку мне далі на судзе: «працавіты, але дрэнна адклікаецца наконт палітыкі і эканомікі краіны». Вось гэта ўсё. Калі ўвялі гэтыя працоўныя кантракты, я зразумеў, што з дапамогай ТБ і радыё ўвесь народ падманулі – пад пагрозай звальнення нас прымушаюць падпісваць гэтыя рабскія дамовы. Але гэта мала хто ўсведамляе. І толькі пад старасць да мяне дайшло, што ўлада паводзіць сябе не па-чалавечы. Кажуць адно – робяць іншае. Эканоміку арыентавалі на Расею, і ўсё.

[vc_single_image image=”368388″ img_size=”large”]

– Як вашая сям’я рэагуе на тое, што галава сям’і, прапрацаваўшы ўсё жыццё кіроўцам, раптам стаў палітвязням?
– Сын мной ганарыцца. Старэйшаму ўнуку таксама патлумачылі, што я не злачынца. Літаральна некалькі хвілін таму назад мая жонка мне сказала, маўляў, калі цябе яшчэ раз пасадзяць, я цябе чакаць не буду, і я яе разумею. Я не маю права пакідаць яе без шчасця. Дарэчы, вось гэта тое, чым і гуляе ўлада – ім на руку разлады ў такіх сем’ях, яны ціснуць на майго сына, якому я ўжо як перашкода. Зараз я не магу нідзе ўладкавацца на працу, але жыць-та мне трэба? На адну пенсію жонкі не пражывеш. А трэба і ўнукам нешта купіць, і кудысьці з імі пайсці, я ж дзед. Пакуль я не ведаю, што буду рабіць далей.

– У студзені мінулага года, калі вас звольнілі за вашыя майкі з надпісам «Лукашэнка, сыходзь!», вы сказалі, што знойдзеце новую працу і будзеце хадзіць на яе ў сваіх майках. Можаце зараз сказаць тое ж самае?
– Мяне ўжо не тое што ў майцы, а ўжо чыста па твары пазнаюць, і не бяруць на працу. Мне ўжо нават майкі для гэтага не патрэбныя. Ды і маек гэтых мне да гэтага часу не вярнулі – забралі і не аддалі.

Стужка навінаў