Юрый Луцэнка: Расея жадае ўзнавіць XIX стагоддзе ў імперскіх галовах


Пасля паседжання камітэту замежных справаў Еўрапарламенту кіраўнік фракцыі «Блок Пятра Парашэнкі» у Вярхоўнай Радзе Украіны Юрый Луцэнка даў інтэрв’ю «Белсату».

«Белсат»: З якім мэсэджам вы прыехалі сёння ў еўрапейскую сталіцу?

Юрый Луцэнка: Украіна не змагла б супрацьстаяць найвялікшаму войску Еўропы, калі б не міжнародная салідарнасць. Таму галоўны мэсэдж сённяшняга дня – сказаць дзякуй за міжнародную салідарнасць, у тым ліку за дыпламатычныя і эканамічныя высілкі і санкцыі супраць Расеі. Таксама мы прыехалі з мэтай пагаварыць пра перспектывы ўзнаўлення міру ва Украіне. Гэта тое, што гучыць у кожным украінскім доме. Таксама як і ў многіх еўрапейскіх галовах, як мы бачым.

«Белсат»: Як міжнародная салідарнасць можа дапамагчы спыніць вайну на Данбасе?

Юрый Луцэнка: У нас дзве кропкі прыкладання высілкаў. Па-першае, адстаяць незалежнасць вайсковым шляхам. І мы разлічваем не толькі на фінансавую, але і на вайсковую дапамогу Захада. Па-другое, атрымаць дапамогу ў правядзенні ўкраінскіх рэформаў, якая таксама заключаецца не толькі ў фінансавай частцы, а і ў тэхнічнай дапамозе.

Белсат: У Еўропе вельмі асцярожна выказваюцца наконт магчымых паставак зброі ва Украіну. Як вы гэта пракаментуеце?

Юрый Луцэнка: Дазволю сабе прамаўчаць на гэтую тэму, бо яна вельмі далікатная, якая не патрабуе публічных заяваў. Проста разлічваем, што кожны дарослы, разумны еўрапеец, які ведае гісторыю, памятае, чым скончылася заспакаенне агрэсара. Таксама хочам патлумачыць, што баронім не толькі Украіну, мы баронім у прынцыпе пост-ваенны, пост-ялтаўскі парадак, калі ўвесь свет згадзіўся з прынцыпам непарушнасці межаў і суверэннасці краінаў. А абараніць прынцып існавання міру ва ўсім свеце толькі з дапамогай намётаў, матрацаў і медыкаментаў немагчыма. Мы патрабуем нешта большае – абаронную зброю. Але гэтае пытанне мусяць вырашаць людзі ў зачыненых кабінетах. Спадзяюся, што хутка будзе канкрэтны вынік.

Белсат: Як лічыце, ці ёсць у афіцыйнага Бруселю інструменты ўздзеяння на Крэмль і ягоную палітыку?

Юрый Луцэнка: Безумоўна, так. Эканамічныя, дыпламатычныя і іншыя санкцыі
крайне адчувальныя для любой краіны, і нават для Расеі. Нягледзячы на тое, што падаецца, нібы Расея самадастатковая, уся яна існуе за кошт заходніх інвестыцыяў. Сур’ёзныя санкцыі па ключавых галінах расейскай эканомікі, безумоўна, уплываюць на расейскае кіраўніцтва. Іншае пытанне: ці здольнае крамлёўскае кіраўніцтва прымаць рацыянальныя рашэнні. Мне падаецца, што не. Падаецца, што жаданне даказаць усяму свету асаблівасць Расеі і яе асаблівыя правы, якое сваймі каранямі сыходзіць у імперскае мінулае – тут і так званыя зоны ўплыву, і права ўсталёўваць сатэлітарныя рэжымы – гэта жаданне ўзнавіць XIX стагоддзе ў імперскіх галовах. Яно бярэ перавагу над усімі эканамічнымі і рацыянальнымі аргументамі.

Інтэрв’ю выйшла ў праграме «Свет».

Глядзі таксама
Каментары