Юрася Бохана пахаваюць 15 красавіка на Паўночных могілках Менску


Развітацца з выбітным беларускім гісторыкам, які памёр на 51-м годзе жыцця, можна будзе ў менскім касцёле Святых Сымона і Алены (Чырвоным касцёле). Жалобная цырымонія пройдзе ад 12:00 да 13:30.

Гісторык Мікалай Волкаў пра Юрася Бохана:

«Ён памёр раптоўна 13 красавіка. Для ўсіх калег гэта было поўнай нечаканасцю. Мы дагэтуль адмаўляемся ў гэта верыць. Дзіўная сітуацыя, я яму набіраў на тэлефон у абед думаючы запытацца нешта пра навуковыя пытанне, ён не падняў, падумалася пасля стэлефануемся, як вызваліцца. А праз 10 хвілін мне патэлефанавала калега з працы і сказала, што ён памёр. Вельмі раптоўна, вельмі нечакана для ўсіх, у чацвер мусілі разам з імі ехаць на канферэнцыю ў Нясвіж.

Бохан – гэта лепшы знаўца зброі позняга сярэднявечча і ранняга новага часу ў Беларусі, фактычна заснавальнік школы. Вядомы гісторык Мікола Плавінскі – ягоны вучань, я таксама займаюся ваеннымі справамі, шмат у яго навучыўся, пад яго кіраўніцтвам я абараніўся літаральна ў канцы 2016 года.

Вельмі цудоўны, прыязны чалавек, якога ўсе любілі. І хаце часта шмат хто адзін з адным сварацца, яго шанавалі ўсе, і ён да ўсіх ставіўся зычліва. Тых гісторыкаў добрых і так мала, а тут такая страта, што ня ведаем, што далей будзе», – сказаў Мікола Волкаў.

Не так даўно спадар Юрась стаў адным з госцяў праграмы Аляксандра Краўцэвіча «Загадкі гісторыі», дзе распавёў пра адрозненні ва ўзбраенні і ў тактыцы літоўскага і маскоўскага войска.

Юрась Бохан нарадзіўся 21 лютага 1966 году ў Менску. У 1990 г. скончыў гістарычны факультэт Мінскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута імя А. М. Горкага і паступіў у вочную аспірантуру Інстытута гісторыі НАН Беларусі па спецыяльнасці археалогія.

Займаўся пытаннямі урбаныстычнага развіцця Вялікага княства Літоўскага ў ХV – ХVІІІ стст., Берасцейскай царкоўнай уніі 1596 г., праблемамі палітычнай і вайсковай гісторыі Вялікага княства Літоўскага, узбраення і арганізацыі войска гэтай дзяржавы ў ХІV – ХVІ стст., а таксама побыту феадалаў ВКЛ. Меў звыш 120 публікацый, у тым ліку шэраг манаграфій. Зʼяўляецца адным з аўтараў кніг «Археалогія Беларусі».

ДР belsat.eu

Стужка навінаў