Беларусь бароніць прадпрыемства, якое прадае ў Маскву радыеактыўнае малако?


[/vc_column_text][vc_column_text]5 кастрычніка гомельская кампанія «Мілкавіта» і журналіст агенцтва «Associated Press» Юрась Карманаў сустрэліся ў судзе.

Сёлета агенцтва «Associated Press» апублікавала журналісцкае раследаванне, ў якім сцвярджаецца, што ў малацэ, якое паступае на прадпрыемства «Мілкавіта», у некалькі разоў перавышаная доза радыяцыі. Пра гэта сведчаць вынікі лабараторнага даследавання ў Менскім цэнтры гігіены і эпідэміялогіі.

Пасля ўмяшання ў справу дзяржаўных структураў у Менскім цэнтры гігіены і эпідэміялогіі гэтыя звесткі зняпраўдзілі і заявілі, што па ўтрыманні цэзію-137 малако адпавядала норме, а вымярэнне на стронцый-90 не праводзілася з прычыны малой пробы малака. Недакладнай назвалі публікацыю і ў кампаніі «Мілкавіта».

Аўтар скандальнага артыкулу Юрась Карманаў сцвярджае, што ў яго ёсць заключэнне Менскага цэнтру гігіены і эпідэміялогіі. Увечары 26 красавіка здымак адпаведнага пратаколу вымярэнняў зʼявіўся і ў медыях.

«Адразу пасля публікацыі ў справу ўмяшаўся дэпартамент у справах Чарнобыля. Чыноўнікаў не цікавілі вынікі лабараторнага даследавання і той факт, што ферма знаходзіцца побач са знакамі “Стоп!” і “Радыяцыя!”. Іх цікавіла толькі малако. І пасля правядзення сваіх тэстаў апынулася, што з малаком усё ў парадку. На падставе гэтага даследавання «Мілкавіта» звярнулася ў суд», – распавядае Юрась Карманаў.

«Мілкавіта» патрабуе ад журналіста «зняпраўдзіць заведама непраўдзівыя звесткі» не толькі на сайце «Associated Press», але і на сямі беларускіх, польскіх і расейскіх сайтах, якія перадрукавалі матэрыял агенцтва.

Юрась Карманаў настойвае, што расследаванне было праведзенае па ўсіх канонах жанру і грунтуецца на фактычных звестках. У артыкуле прыведзеныя і дадзеныя лабараторыі аб перавышэнні канцэнтрацыі радыенуклідаў у малацэ ад «Мілкавіты», а таксама меркаванне прадстаўніка прадпрыемства.

«Па-першае, чарнобыльская тэма табуяваная ў беларускіх медыях і дзяржава не хоча, каб журналісты даследавалі тое, што адбываецца ў Чарнобыльскай зоне. Па-другое, малако для беларускіх уладаў ператварылася ў белую нафту, якая экспартуецца ў Расею. 90 % прадукцыі «Мілкавіты» ідзе ў Маскву. Для дзяржавы важна захаваць рэпутацыю нашых малочных вытворцаў», – мяркуе аўтар скандальнага расследавання.

ЮВ, belsat.eu

Стужка навінаў