Юлія Цімашэнка: Расея перадасць Надзею Саўчанку Украіне


Лідарка партыі «Бацькаўшчына» заявіла, што існуе дамоўленасць аб перадачы ўкраінскай лётчыцы, якой прысудзілі 22 гады калоніі за забойства расейскіх журналістаў, на радзіму.

«Паводле нашай інфармацыі, ёсць рашэнне пра тое, што яна будзе перададзена ва Украіну ці ў абмен, альбо яна можа быць перададзена ва Украіну па міжнародных прававых дакументах для адбыцця пакарання ва Украіне. Ёсць вялікія шанцы», – перадае «Інтэрфакс» словы Цімашэнкі.

Былая прэм’ер Украіны дадала, што гэтыя шанцы з’явіліся пасля таго, як «сусветныя лідары першага ўзроўню, прэзідэнт ЗША і канцлер Нямеччыны, пераканалі Пуціна аддаць Надзю».

Чытайце таксама >>> Апошні дзень судзілішча. Сведчанні рэпарцёра з працэсу Саўчанкі

Пра вызваленне Саўчанкі сказаў і адвакат зняволенай Ілля Новікаў у эфіры праграмы «Чорнае люстэрка» на тэлеканале «Інтэр».

«Паводле маіх звестак, перамовы дзяржсакратара ЗША Джона Кэры з прэзідэнтам Расеі Уладзімірам Пуціным, у частцы датычнай Надзеі Саўчанкі, прайшлі паспяхова. Публічна была агучана на перамовах дата, калі будзе вызначаны спосаб, якім яна вернецца ва Украіну», — сказаў ён.

Па словах Новікава, гэта не значыць, што Саўчанка на працягу двух тыдняў вернецца ва Украіну, у гэты перыяд будзе ўсяго толькі прынята рашэнне расейскім кіраўніцтвам аб парадку абмену.

Тэму абмену Саўчанкі напярэдадні пракаментаваў кіраўнік адміністрацыі прэзідэнта Расеі Сяргей Іваноў.

«Тэарэтычна гэта магчыма: А – пры поўным выкананні заканадаўства Расейскай Федэрацыі, і Б – рашэнне пра гэта можа прыняць толькі прэзідэнт РФ».

Наконт абмену Саўчанкі выказваўся і Пятро Парашэнка.

Надзея Саўчанка, прысуджаная ў Расеі да 22 гадоў пазбаўлення волі за забойства Ігара Карнелюка і Антона Валошына, вінаватай сябе не прызнала, а ейная абарона сцвярджае, што мае доказы невінаватасці, падмацаваныя экспертызамі.

ДР, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары