Юбілей Станіслава Шушкевіча. Правілы жыцця палітыка ў цытатах


Belsat.eu зрабіў падборку выказванняў першага кіраўніка незалежнай Беларусі, якія прагучалі ў размовах з «Белсатам».

80-ы Дзень народзінаў адзначае 15 снежня Станіслаў Шушкевіч – былы старшыня Вярхоўнага Савету Беларусі, адзін з трох падпісантаў Белавежскага пагаднення, якое скасавала Савецкі Саюз. У якасці кіраўніка дзяржавы менавіта ён вывеў з Беларусі атамную зброю.

Пра апазіцыю

«Усе разборкі ўнутры апазіцыі рабіць у самой апазіцыі ды знаходзіць кампраміс, калі выходзіш да грамадства. Забываецца яшчэ адзін канон паліталогіі: рухавік дэмакратыі – гэта кампрамісы».

Пра продаж дзяржаўнай маёмасці Расеі

«Продаж дзяржаўнай маёмасці ў расейскія рукі азначае, што ў «беларускі дом» прыйшоў дрэнны гаспадар, якія не дае рады ў кіраванні краінаю. Ён прадае тое, што пакінулі яму продкі. Калі гэты працэс працягнецца, то ўрэшце той гаспадар будзе голы».

Пра навуку

«Якія даследаванні дадуць плён? Цяжка сказаць, тым больш, такім невукам, як Лукашэнка. Калі ёсць вузкая галіна, дзе беларусы могуць нешта зрабіць, то гэта можа прынесці прыбытак. Аднак збыт навуковых дасягненняў у антыдэмакратычнай краіне немагчымы, бо для гэтага патрэбная свабода мыслення і прапановаў. Важна, каб людзі не баяліся быць асуджанымі за тое, што гэтыя прапановы не ўзгадняюцца з палітычнымі аспектамі дзейнасці дыктатара».

Пра моладзь, якая вернецца

«Пасля дэмакратычных зменаў у краіне на Радзіму вернуцца маладыя беларусы, якія пакінулі яе ў пошуках свабоды. Калі чалавек добра зарабляе, то яму цяжка вярнуцца ва ўмовы беларускага прыніжэння, калі пануюць хамы. Але мы мусім мяняць гэтыя ўмовы… Тады паток адукаваных беларусаў будзе мець іншы кірунак».

Пра «Белсат»

«Для мяне «Белсат» – гэта акно ў прагрэсіўны беларускі свет, у прагрэсіўнае беларускае грамадства. Гэта крыніца добрай інфармацыі. Хацелася б, каб трансляцыя была кругласутачнай».

Пра беларускі парламент

«Калі ў грамадстве нармальны парламент, то звычайна неяк дэпутаты на тэлебачанні абмяркоўваюць, выслухоўваюць. Заедзьце ў Літву, Польшчу, паглядзіце, што там робіцца! А тут – цішэй вады, ніжэй травы! Бо гэта абсалютна непатрэбныя людзі, палітычная кваліфікацыя якіх мізэрная, нулявая. Іх функцыя – «одобрямс».

Пра санкцыі

«Калі ёсць нейкае эфектыўнае дзеянне, то чаму яго трэба змяняць? У нас яшчэ так шмат палітзняволеных, і яны сядзяць без усялякай віны, іх трэба вызваліць. Іншага ўздзеяння, чым санкцыі, я не ведаю».

Пра АЭС

«Я прыхільнік ядравай энергетыкі, але калі выбіраецца ўжо сама станцыя… Я не прыхільнік будаўніцтва ў гэтым месцы (Астраўцы – belsat.eu) гэтай станцыі. Можа, гэта і добры варыянт, але мяне пакуль у гэтым не пераканалі».

Пра суды

«Яны не суддзі, а чыноўнікі. І яны мусяць засудзіць – гэта іхная задача. Сорам, што нават маладых дзяўчат прыцягваюць да такой справы. Іх падводзяць да кармушкі ды кажуць: мы цябе да кармушкі не пусцім больш, калі ты будзеш судзіць справядліва».

«Больш злачыннай структуры за наш суд – няма. І я думаю, што мы дажывем да таго часу, калі яны (суддзі. – belsat.eu) перад сапраўдным судом будуць адказваць за тое, што робяць».

Пра змены

«Хопіць спадзявацца, што хтосьці нам дапаможа ў той справе, у якой мы самі павінны быць гаспадарамі сітуацыі. Колькі мы можам трываць стаўленне да чалавека, як да быдла?».

«Белсат» шчыра віншуе юбіляра ды зычыць спадару Станіславу моцнага здароўя і вялікага шчасця. Неўзабаве на незалежным тэлеканале мае з’явіцца фільм, прысвечаны гэтаму дзеячу беларускай гісторыі.

МЯ, belsat.eu

Стужка навінаў