«Ёсць жа страх – але людзі не пабаяліся!» Як у Лошыцы згадвалі ахвяраў сталінізму

video

Ні моцны дождж, ні пільны нагляд сілавікоў не перашкодзілі зладзіць акцыю памяці ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў – Дзяды – у Лошыцы.

АЛЕСЬ ЧАХОЛЬСКІ, АДКАЗНЫ САКРАТАР КХП-БНФ:
«Ёсць жа страх – але людзі не пабаяліся!»

Ад палацу культуры «Лошыцкі» ўдзельнікі шэсця рушылі да месца масавых расстрэлаў у Лошыцкі яр, дзе ў 1920-30-я гады чэкісты забівалі прадстаўнікоў беларускай інтэлігенцыі.

Глядзіце таксама >>> Жалобнае шэсце ў Лошыцкі яр прайшло пад дажджом і бел-чырвона-белымі сцягамі

Калі стала вядома пра гэта страшнае месца, у канцы 80-ых, улады яшчэ тагачаснага Савецкага Саюзу, хутка прыгналі тэхніку – засыпалі жвірам і паставілі гаражы, то бок схавалі свае злачынствы.

Апрача драўлянага крыжа «ахвярам бальшавіцкага тэрору», усталяванага грамадскімі актывістамі, пра трагедыю ў Лошыцкім яры больш нічога не нагадвае. Выступоўцы ж на мітынгу гаварылі не толькі пра кепскае стаўленне ўладаў да мінулага.

Глядзіце таксама >>> Беларусы адзначылі Дзяды ў Варшаве з Зянонам Пазняком. Далучыўся былы прэзідэнт

ЮРЫ БЕЛЕНЬКІ, НАМЕСНІК СТАРШЫНІ КХП БНФ:
«Рэжым які не выяўляе волю народа, які залежны ад іншай краіны…А тая краіна – канае, то будзе канаць і гэты рэжым – гэта аб’ектыўные працэсы, Таму аб’ектыўны і прыход уласна беларускага палітычнага кіраўніцтва».

Пакуль жа часы для беларушчыны далёка не самыя спрыяльныя, кожны на сваім узроўні мае прыкладаць усе намаганні, каб захаваць нацыянальную памяць для будучых пакаленняў.

ЮРЫ БЕЛЕНЬКІ, НАМЕСНІК СТАРШЫНІ КХП БНФ:
«Беларусы! Давайце рыхтавацца ўжо да той вельмі цяжкой будзённай працы, якая чакае нас на перадзе. Бо шмат што прыйдзецца аднаўляць.

Скончылася акцыя традыцыйным спевам малітоўнага гімну «Магутны Божа» і запальваннем знічаў на знак памяці бязвінна забітых нашых продкаў.

Алена Шпак, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары