«Ёсць такое простае слова – салідарнасць». Як дапамагчы Статкевічу?


Ціск на Міколу не перапыняўся ніколі, а нават звычайны ліст – моцнае падтрыманне для вязня, – кажа ў інтэрвю «Белсату» Марына Адамовіч, жонка Мікалая Статкевіча.

З чым звязаны ціск на Мікалая Статкевіча ды ў чым ён праяўляецца?

Шчыра кажучы, ціск на Мікалая не перапыняўся ніколі, да яго заўсёды было адмыслова жорсткае стаўленне і неаднаразовыя спробы зламаць яго, пакаяцца, падпісаць прашэнне. Але пасля заканчэння трохгадовага тэрміну ў турме і пераводу назад у Шклоўскую калонію, ёсць адчуванне дэ жа вю. Цягам тыдня ў дачыненні Міколы склалі 8 актаў, толькі па некалькіх з іх, па трох, былі вынесеныя спагнанні.

Трое содняў у карцэры, перавод на два месяцы ў памяшканне камернага тыпу. Акрамя таго яны б’юць па такіх прыватных рэчах: ён страціў права і на кароткатэрміновае, і на доўгатэрміновае спатканне, а таксама на харчовую перадачу.

Па 5 актах, паводле стану на пятніцу, не былі вынесеныя рашэнні, не былі выкананыя спагнанні. На што яшчэ хопіць фантазіі ды таленту адміністрацыі калоніі, мне цяжка сказаць.

Як вы мяркуеце, ці такія дзеянні звязаныя з будучымі прэзідэнцкімі выбарамі?

Гэта не выключана, але я гэта разглядаю больш у кантэксце чаканай лібералізацыі і паляпшэння дачыненняў з Еўразвязам. Настаяць на сваім – вось жорсткая рэальнасць нашага часу.

Што кажа Мікалай пра выбары? Якія ў яго думкі і планы?

Мікалай неаднаразова з гэтай нагоды пісаў, меў магчымасць агучыць сваю думку. Ён заўсёды заставаўся паслядоўным прыхільнікам адзінства ва ўмовах, калі выбару няма ды адбываецца імітацыя сапраўднага волевыяўлення. А ва ўмовах пагрозы агрэсіі з боку Расеі Мікалай прытрымліваўся думкі, што, магчыма, трэба аб’ядноўвацца, а таксама і высоўваць патрабаванне да ўладаў: калі для вас суверэнітэт дзяржавы гэтак жа важны, як і для нас, то давайце будзем супольна працаваць. А гэта значыць – скасуем рэпрэсіўныя заканадаўчыя акты, накладзём мараторый на выкананне незаконных зменаў у выбарчым заканадаўстве. І ад рэакцыі ўлады мусілі б залежыць далейшыя дзеянні апазіцыі. Ці дэмакратычныя сілы бяруць паўнавартасны ўдзел у кампаніі, ці, калі стане відавочна, што ўлады змяняцца не збіраюцца, абіраюць нейкія іншыя формы пратэсту. Магчыма нават байкот.

Гэтага Мікалай настойліва прытрымліваецца і гэтак жа настойліва ён мяркуе, што ў гэтых умовах адзіная годная пазіцыя – гэта дэманстрацыя адзінства.

Якім чынам дэмакратычная супольнасць Беларусі можа дапамагчы Мікалаю Статкевічу, які знаходзіцца за кратамі вось ужо чатыры гады?

Ёсць такое слова – салідарнасць. Гэта вельмі танна абыходзіцца, а цэніцца дорага. Толькі салідарныя супольныя дзеянні могуць дапамагчы. І не толькі Мікалаю Статкевічу. Хачу нагадаць, што за кратамі застаюцца яшчэ пяць асобаў, якіх прызналі палітвязнямі. Любыя салідарныя дзеянні, што паказваюць неабыякавасць грамадства, вельмі важныя. Гэта могуць быць звычайныя лісты, гэта могуць быць тэлеграмы на адрас адміністрацыі тых пенітэнцыярных установаў, дзе ўтрымліваюць палітвязняў. Урэшце гэта могуць быць улёткі з іх партрэтамі, петыцыі з патрабаваннямі спыніць пераслед, супольныя заявы. Або проста паштоўкі, тэлеграмы, лісты для палітвязняў. Я заклікаю да гэтага беларускае грамадства і вельмі на гэта разлічваю.

Гутарыла Таццяна Уласенка, belsat.eu

Напішы ліст Міколе Статкевічу!

Мікалай Статкевіч

213004 Магілёўская вобласць,

г. Шклоў, папраўчая калонія № 17.

Стужка навінаў