«Ён жа «бэнээфавец», таму падпішуся»


У Горадні выстаўляюцца кандыдаты ад Партыі БНФ ды БХД, праўладных не відаць. Журналіст belsat.eu паслухаў, пра што гутараць агітатары і выбарнікі.

Свой першы пікет прадстаўнікі БНФ ладзіць каля «Моладзевага цэнтру» на пешаходнай Савецкай вуліцы, у самым цэнтры гораду. Каля стэнду з бел-чырвона-белым сцягам ды інфармацыяй пра кандыдатаў – уласна кандыдаты ды журналісты. Ад часу да часу падыходзяць мінакі, углядаюцца ў партрэты ды праграмы, фатаграфуюць на тэлефон.

«Людзям хочацца выгаварыцца»

Абласны кіраўнік Партыі БНФ Вадзім Саранчукоў, які таксама ідзе ў дэпутаты, лічыць, што пікеты патрэбныя, каб размаўляць з людзьмі, пытацца іх меркаванне, даносіць сваю пазіцыю.

«Выкарыстоўваем кампанію, каб не загрымеўшы ў міліцыю, распавядаць хто мы ёсць, для чаго і што прапануем, – тлумачыць Вадзім, – Пікет – наўпроставыя стасункі з максімальнай колькасцю выбарнікаў. Людзям, якія падыходзяць, хочацца выгаварыцца».

«На заробак у 3,5 мільёны – 150 званкоў на дзень»

Саранчукоў дадае, што асноўная тэма для партыі – нацыянальная бяспека Беларусі, асабліва ў святле падзеяў падзеяў, што адбываецца навокал: агрэсія РФ ва Украіне, перспектывы Балта-Чарнамоскага звязу ды ўступлення ў НАТА.

Мінакоў пры гэтым цікавяць больш прыземленыя пытанні:

«Толькі што падыходзіла жанчына, якая хацела наняць супрацоўніка на 3,5 мільёны ў месяц, – працягвае Вадзім, – Дык яна атрымала больш 150 званкоў на дзень! Гэта прытым, што афіцыйная статыстыка дае сярэдні заробак па Беларусі ў 370 долараў. Значыць, статыстыка хлусіць…»

«Беларусь у Еўропе нікому не патрэбная»

Да пікету далучаецца старшыня партыі Аляксей Янукевіч, які імкнецца аб’ехаць усе 27 акругаў, па якіх БНФ вылучаецца па краіне. Ён упэўнены: «становішча, якое склалася ў краіне прымушае людзей шукаць альтэрнатыву, прынамсі на ўзроўні размоваў».

Да лідара БНФ падыходзіць сівы мінак, цікавіцца эканамічнай праграмай. Мужчына ўпэўнены, што «Беларусь у Еўропе нікому не патрэбная», разам з тым, не мае ілюзіяў наконт эканамічнага стану краіны: «Даходы ўпалі, пакупніцкая здольнасць насельніцтва зніжаецца, інвестары зварочваюць вытворчасць…»

Далей размова перацякае да пытання аб прыватнай уласнасці на зямлю – мінак спадзяецца, што яе дазволяць яшчэ пры гэтай уладзе. Разыходзяцца мірам – паціскаючы рукі.

Пропаведзі ды «шпагат роспачы»

Не абыходзіцца без курёзаў. Пенсіянер, імаверна, пратэстанцкага веравызнання, пачынае па-беларуску агітаваць пікетоўцаў супраць палення ды алкаголю, запрашае ў царкву, раіць заходзіць на нейкія старонкі ў інтэрнэце.

Услед за пратэстантам да пікетоўцаў падыходзяць двое нападпітку, просяць на хлеб. Партыйцы ды журналісты спрабуюць ветліва адмовіць ды сысці ад размовы. У роспачы, адзін з «прасіцеляў»… сядае на шпагат пад партрэтамі кандыдатаў. Пасля ўгавораў пара праз нейкі час сыходзіць.

Напрыканцы, перад згортваннем пікету, лідар БНФ тлумачыць, што саму кампанію разглядае як «пачатак змагання за будучую Беларусь, якая паўстане, калі цяперашні рэжым абрынецца». Змаганне, на думку Янукевіча, пачнецца ў 2020 годзе, бліжэй выбараў прэзідэнта і парламента, калі ў дзяржавы скончацца назапашаныя рэсурсы.

«Людзей трэба цягнуць за рукі, каб падыходзілі»

На пікетах у прадстаўнікоў БХД, якія ладзяць у мікрараёнах, больш жвавая атмасфера. Кандыдат з сябрамі партыі стаіць фактычна паміж універсамам і міні-рынкам, дзе паток людзей амаль ніколі не сканчаецца. Свае пікеты БХД тут ладзіць штодзённа, часам – некалькі разоў на дзень, у розных месцах.

Гарадскі каардынатар партыі Сяржук Верамеенка ў сумленны падлік на выбарах не верыць. Але ісці, на яго думку, варта, каб людзі бачылі палітычную альтэрнатыву. Паколькі ж агітацыя за байкот забароненая, хадэкі вырашылі даносіць сваю пазіцыю праз удзел у кампаніі. З іншага боку, БХД робіць упор на назіранні: хадэкаў у назіранні па Гарадзеншчыне ці не найбольш.

«Людзей трэба цягнуць за рукі, каб падыходзілі, каб узялі пачытаць нешта, – распавядае Верамеенка, – Выбары ім не цікавыя. Ёсць, канешне, актыўныя грамадзяне, але іх адсоткаў 20, не больш».

«У парламент трэба маладых»

Двойчы на пікетоўцаў выклікалі міліцыю, абодва разы – «ананімна». Але міліцыянты, са словаў Верамеенкі, абодва разы пры кантакце ставіліся нейтральна, без негатыву. За ўвесь час было некалькі канфліктных сітуацыяў. Завадатар адной з іх – гандляр бульбай з рынку, які ходзіць з георгіеўскай стужкай.

Людзі, якія ставяць подпісы, найчасцей рэагуюць на сцяг, нават не чытаючы праграмы ды біяграфіі кандыдата, падыходзяць з пашпартамі. Калі нехта затрымліваецца і пачынаецца дыскусія, можна пачуць незадаволенасць узростам кандыдата – пенсіянера Міколы Баўсюка, абласнога лідара БХД. Чым старэйшы субяседнік, тым часцей кажа, маўляў, «у парламент трэба маладых».

Некаторыя мінакі не ўдаюцца ў падрабязнасці палітычных гульняў і падпісваюцца за кандыдата ад БХД «бо ён БНФавец». Відаць, што рэакцыя на бел-чырвона-белы сцяг ды беларускую мову не моцна змянілася з 1990-х гадоў.

P.S. На працягу некалькіх дзён мы спрабавалі «злавіць» хоць адзін пікет праўладных кандыдатаў, але безвынікова. Пікеты «Гавары Праўду» у горадзе маюць быць неўзабаве, мясцовыя каардынатары раяць пачакаць.

АК, belsat.eu

Стужка навінаў