«Ён згадваў, як падалося, з настальгіяй, як у савецкія часы адпраўляў дармаедаў за краты»


Лідар Абʼяднанай грамадзянскай партыі сустрэўся са старшынём Канстытуцыйнага суда Пятром Міклашэвічам. Палітык распавёў пра тое, што адбылося на спатканні.

«Ёсць такое правіла, негалоснае, пасля афіцыйных сустрэчаў з прадстаўнікамі ўлады даваць пазітыўна-нейтральныя каментары. На ўсялякі выпадак, раптам прыдасца. Пасля камунікацыі са старшынём Канстытуцыйнага суду я скажу, як ёсць. Гэта сапраўды было, як падарожжа на тарлейбусе ў далёкія 80-я», – піша на сваёй старонцы ў «Facebook».

>>> Глядзіце таксама: Павал Севярынец распавёў уладам праўду пра дармаедаў (Відэа)

Лідар партыі АГП пайшоў на сустрэчу з кіраўніком суда, каб абмеркаваць ініцыятыву пра скасаванне дэкрэту аб «дармаедстве», паводле якога грамадзяне, якія нідзе не працуюць і не плоцяць падаткі, маюць сплочваць адмыслова ўстаноўлены збор. З допісу палітыка вынікае, што ініцыятыва не знайшла разумення ў старшыні суду.

«Пётр Пятровіч быў адвакатам. Адвакатам сістэмы! – піша Анатоль Лябедзька. – Ён згадваў (як падалося, з настальгіяй), як у савецкія часы адпраўляў дармаедаў за краты. Ён апетытна перажоўваў тэму бясплатнай адукацыі, медыцыны, тэзіс, што ўсе абавязаныя ўдзельнічаць у напаўненні бюджэту».

«На цуд чакаць не варта. За шыльдаю «Канстытуцыйны суд» – чыноўнікі на кантракце, адвакацкая кантора цяперашняй сістэмы», – рэзюмуе палітык і заклікае спампаваць і падпісацца пад зваротам да Канстытуцыйнага суда ды выйсці на «Марш дармаедаў» 15 сакавіка.

МЛ, belsat.eu

Стужка навінаў