Ён вярнуў беларусам гонар за ВКЛ. Споўнілася 95 год з дня нараджэння Міколы Ермаловіча

video

https://www.youtube.com/watch?v=KSVTbS1_IgM

29-га красавіка споўнілася 95 гадоў з дня нараджэння Міколы Ермаловіча, які фактычна адкрыў вытокі нашай дзяржаўнасці ды вярнуў беларусам гонар за Вялікае Княства Літоўскае. Пра дзейнасць знакамітага гісторыка «Белсат» паразмаўляў з пісьменнікам Генрыхам Далідовічам.

– Якая канцэпцыя знаходзіцца ў працах Міколы Ермаловіча, што дазволіла ахарактарызаваць Вялікае Княства Літоўскае як былую беларускую дзяржаву, а не літоўскую, як было прынята лічыць раней.

– Я ведаў Міколу Ермаловіча больш за 40 гадоў. І мне спачатку хацелася б сказаць некалькі слоў пра яго ўнікальнасць як чалавека. Ён недзе ў паўгода застаўся амаль сляпы. Маці ўзяла яго на поле, дзе жала жыта, а яго маленькага асляпіла сонца. Яго маглі ў 1930-ыя пасадзіць у турму за тое, што ён, ідучы са школы, чытаў і выпусціў з рук «Ліст беларускага народу да Сталіна». Ліст упаў, а яго выключылі са школы за тое, што ён насміхаўся з ліста. Але пазней яго аднавілі і ён паспяхова закончыў школу. У час вайны выехаў. Вяртаўся, у Маскве трапіў пад цягнік і ледзь не загінуў, яго выратавала маскоўская жанчына. І вось гэты фізічна амаль сляпы чалавек, які меў –28 дыяптрыяў зроку, быў у душы відушчым. Ён, мабыць, як ніхто з нашых гісторыкаў задумаўся рана над тымі пытаннямі, якія вы мне цяпер задаяце. У прыватнасці ён многа чытаў і многа думаў пра аснову ўтварэння Вялікага Княства Літоўскага на нашай зямлі з цэнтрам у сённяшнім Наваградку. Раней царскія гісторыкі наўмысна паняцце Літвы перанеслі на сённяшнія балтыйскія землі. Лічылася, што мы пайшлі ад Русі. Мікола Ермаловіч у кнізе «Па слядах аднаго міфа» вызначыў месца Літвы і даў характарыстыку таму, ад чаго ўтваралася гэтая новая дзяржава. Побач сённяшнія расейскія і ўкраінскія землі былі заваяваныя татарамі. Татара-мангольскае ліха нас, дзякуй Богу, абмінула, і зямля засталася вольнаю. І тут было неразумна не скарыстацца гэтым і не ўтварыць новую дзяржаву. Яна і была ўтворанай, стала пасля адной з найбуйнейшых у Еўропе. Калі Ермаловіч пачаў аналізаваць крыніцы, то прыйшоў да высновы: пачакайце, сябры, Вялікае Княства Літоўскае было прыкладна створанае ў 1246 годзе, а што дагэтуль было? Нейкая пустэча? Не! Ужо ў Полацкім княстве яшчэ да Рагвалода закладаліся асновы будучай дзяржаўнасці. А што такое асновы дзяржаўнасці? Гэта тэрыторыя, гэта насельніцтва, гэта ўменне абараніцца, а пры патрэбе і напасці, гэта казна, гэта культура. І вось Ермаловіч на падставе фактаў, матэрыялаў, прац прыйшоў да высновы, што асновам нашай дзяржаўнасці больш за тысячу гадоў.

Больш – у відэаматэрыяле.

Выніковы матэрыял інфармацыйнага выдання «Абʼектыў»:

https://www.youtube.com/watch?v=zzVZsOk4RCM

МЯ, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары