Ён ратаваў дзяцей ад Чарнобылю. Глядзіце фільм «Белсату» пра Генадзя Грушавога


Леанід Грушавы ў далёкім 1989 годзе заснаваў фонд «Дзецям Чарнобыля». Разам з жонкаю Ірынай, якая выдатна валодала нямецкаю мовай, яны арганізавалі лячэнне і аздараўленне беларускіх дзетак за мяжою, а таксама дастаўку ў Беларусь тысячаў тон гуманітарнай дапамогі – лекаў, медычнага абсталявання, чыстай ад радыяцыі ежы.

Мог стаць прэзідэнтам Беларусі

Фонд праіснаваў да 2012 года і амаль увесь час працаваў ва ўмовах шалёнага ціску з боку чыноўнікаў. У 2008 годзе быў нанесены смяротны ўдар: указ прэзідэнта фактычна забараніў аздараўленне беларускіх дзяцей за мяжою і дастаўку гуманітарнай дапамогі. Але фонд насуперак забаронам працягваў сваю місію. «Спеаперацыя», распланаваная на доўгія гады, – так называе незлічоныя перашкоды і правакацыі на тэрыторыі Беларусі ды Нямеччыны рэжысёр Леанід Міндлін.Але фільм не пра гэта. Ён пра чалавека-легенду, які навучыў дзясяткі тысячаў беларусаў жыць па-новаму: змагацца за свой лёс. Які меў шанец перамагчы на першых і апошніх дэмакратычных выбарах прэзідэнта Беларусі, але не стаў балатавацца. Нягледзячы на гэта, улады заўсёды бачылі ў ім палітычнага канкурэнта. Уявіце, якім падтрыманнем мог карыстацца чалавек, які дапамог сотням тысячаў беларусаў! Гэтым і можна патлумачыць рэпрэсіі ў адносінах да фонду, які імпартаваў у Беларусь не каляровую рэвалюцыю, а лекі ды абсталяванне, якія ратавалі жыцці людзей.

У дзень смерці збіраўся на канцэрт

Ідэя фільму нарадзілася ў 2012 годзе. Усе ведалі, што Генадзь Грушавы – смяротна хворы. Але ён працягваў жыць поўным жыццём: сустракаўся з сябрамі ў кавярнях, граў у більярд, хадзіў у тэатр, браў актыўны ўдзел у грамадскім жыцці. У дзень смерці збіраўся пайсці на канцэрт Дзмітрыя Хварастоўскага. Але раптам пачуўся вельмі кепска. Сам выклікаў «хуткую», патэлефанаваў жонцы ў Нямеччыну і пакінуў тэлефон уключаным, каб яна чула, што адбываецца…Пасля працяглага пераследу з боку ўладаў Генадзь Грушавы з сям’ёю з’ехаў у Нямеччыну. Але напрыканцы 2000-х вырашыў вярнуцца ў Беларусь, нягледзячы на высокі ўзровень дапамогі хворым на анкалогію ў Нямеччыне, патрэбнай ужо яму самому. Эміграцыя аказалася не для яго. Ён вельмі любіў Менск, сумаваў па сябрах. І згадзіўся, каб беларускія навукоўцы тэставалі на ім новую методыку лячэння, якая ў выніку працягнула яму жыццё. Леанід Міндлін узгадвае сцэну са святкавання 58-годдзя Генадзя Грушавога ў кавярні:

«Для мяне кожны Дзень народзінаў – гэта юбілей», – сказаў тады імяніннік.

Калі ў 2014-м Ірына Грушавая прыехала ў Менск, паўстала адна са сцэнаў дакументальнай стужкі – у Садзе надзеі, які прадстаўнікі 16 краінаў пасадзілі на 10-годдзе чарнобыльскай катастрофы. Так і нарадзілася назва фільма, знятага на замову «Белсату» да 30 гадавіны аварыі.

Завуч пабаялася распавесці пра свайго ратавальніка, каб… не страціць працу

Дзяржаўная прапаганда стварыла легенду пра Беларусь, якая «вылечылася» ад Чарнобыля. Расце пакаленне, якое не ведае пра жахлівыя наступствы гэтай трагедыі. Людзі, якія памятаюць, баяцца пра гэта гаварыць. Леаніду Міндліну ўдалося знайсці мянчанку, якая была ў складзе першай групы беларускіх дзетак, што выехалі ў Індыю – там іх ратавалі ад наступстваў апраменьвання. Цяпер яна – завуч адной са сталічных школаў. Калі пачула прапанову распавесці для фільма пра чалавека, які ратаваў яе жыццё, перастала адказваць на тэлефон…Фонд «Дзецям Чарнобыля» перастаў існаваць, але ягоную справу працягваюць невялікія грамадскія ініцыятывы і асобныя людзі па ўсёй Беларусі. Менавіта ў гэтым і заключалася ідэя Генадзя Грушавога: дэцэнтралізаваць арганізацыю, каб знішчыць яе было немагчыма. І яна спраўдзілася.Інга Астраўцова, belsat.eu

Стужка навінаў