Ён працягвае дыхаць. Бацькі і двухгадовы Альфі змагаюцца за жыццё


Суд дазволіў брытанскім лекарам адключыць двухгадовага Альфі ад апарату штучнай вентыляцыі лёгкіх. Але дзіця працягвае дыхаць, а ягоныя бацькі – змагаюцца за права перавезці дзіця ў іншую краіну.

Увесь свет назірае за трагедыяй брытанскай сям’і Эванс, якія змагаюцца за жыццё свайго маленькага сына. Альфі Эванс нарадзіўся 9 траўня 2016 году ў брытанскім горадзе Бутл. Праз 8 месяцаў у хлопчыка пачаліся сутаргі праз якія ён трапіў у шпіталь у Ліверпулі. Лекары дыягнаставалі ў яго захворванне нервовай сістэмы, але нейкай канкрэтнай хваробы не знайшлі і не паставілі дакладны дыягназ. Хлопчык запаў у кому, яго падлучылі да апарату штучнай вентыляцыі лёгкіх.

Шанец на выратаванне

Бацькі Альфі хацелі адвезці сына ў Італію, каб працягнуць лекаванне сына. Кіраўніцтва шпіталя не дазволіла ім гэтага зрабіць, спасылаючыся на тое, што гэта можа негатыўна паўплываць на стан здароўя хлопчыка. Справа ў тым, што па брытанскіх законах дзяржава можа вырашаць лёс дзіцяці, калі яму пагражае небяспека. Гэтай акалічнасцю брытанскага права і скарысталіся лекары.

Таксама шпіталь пахадайнічаў аб тым, каб адключыць Альфі ад апарату штучнай вентыляцыі лёгкіх. Яны сцвярджаюць, што тамаграфія паказала разбурэнне мозгу і лекаваць малога далей, па іх меркаванню, будзе бессэнсоўна. Напрыканцы лютага гэтага году суд дазволіў адключыць Альфі ад апаратаў.

Нягледзячы на рашэнне суда, бацькі працягвалі змагацца за жыццё свайго сына. Яны падалі апеляцыю ў Вярхоўны суд. Яе адхілілі. Пасля былі спробы звярнуцца ў Еўрапейскі суд па правах чалавека, але і там сказалі, што права дзіцяці не парушаюцца.

У красавіку бацька Альфі меў спатканне з Папай Рымскім Францішакам. Італьянскі бок пацвердзіў магчымасць аперацыі, якая магла б дапамагчы хлопчыку і аблегчыць ягонае існаванне і працягнуць жыццё на нявызначаны тэрмін. Міністэрства замежных справаў Італіі цягам содняў надалі Альфі італьянскае грамадзянства, яны спадзяваліся, што гэта дапаможа перавезці дзіцё ў Італію. Брытанскі бок адказаў, што з італьянскім грамадзянствам ці без яго, хлопчык з’яўляецца грамадзянінам Вялікай Брытаніі, таму перавозіць яго нікуды не будуць.

Фота: Facebook Alfies Army

23 красавіка Альфі адключылі ад сістэмы жыццезабеспячэння. Пасля гэтага хлопчык працягвае дыхаць самастойна. Бацька звяртае ўвагу медыкаў, што стан малога палепшыўся і што ёсць шанец лекаваць яго далей.

Армія Альфі

Ад самага пачатку гэтай гісторыі вакол сям’і збіралася шмат неабыякавых людзей, якія хацелі выказаць падтрымку. Вялікая колькасць іх збіралася каля шпіталя. Была нават адна спроба ўзяць шпіталь штурмам, але паліцыя заблакавала ўваход. Армія Альфі мае сваю групу ў Facebook, дзе абмяркоўваюць сітуацыю і надаюць справе галоснасці.

Фота: MERCURY PRESS / FORUM

Альфі працягвае жыць і дыхаць без сістэмаў жыццезабеспячэння, а неабыякавыя людзі намагаюцца зрабіць усё магчымае, каб чалавечнасць перамагла бюракратыю і старое заканадаўства.

ГА, belsat.eu паводле BBC.

Стужка навінаў