«Чалавек са здаровым сэнсам». Зянон Пазняк – пра Віктара Піскарова


Былы міністр унутраных справаў БССР памёр на 90-м годзе жыцця.

Віктар Піскароў быў міністрам унутраных справаў падчас першага ў найноўшай гісторыі Беларусі разгону масавага мітынгу на Дзень памяці продкаў 30 кастрычніка 1988 года. Паводле Зянона Пазняка, разгонам «Дзядоў» кіраваў, аднак, не ён, а другі сакратар ЦК КПБ Валер Пячэннікаў.

«Піскароў быў проста выканаўцам», – заяўляе Зянон Пазняк.

«Піскароў засведчыў сябе як чалавек са здаровым сэнсам. Я б не сказаў, што ён быў цемрашалам. Канешне, ён быў камуністам і выконваў усё, што ад яго патрабавалі, але ў параўнанні з іншымі ў яго былі пробліскі здаровага сэнсу. Ён даволі лаяльна адносіўся да Курапат – не падтрымліваў, але і не наступаў. Гэта быў функцыянер з ліку не агалцелых, не самых найгоршых», – узгадвае былога міністра ўнутраных справаў Зянон Пазняк.

Генерал-лейтэнант унутранай службы ў адстаўцы Віктар Піскароў служыў у сістэме МУС 55 гадоў, 25 з іх – на генеральскіх пасадах. Заслужаны юрыст Беларусі. Старонка УУС Гарадзенскага аблвыканкаму называе яго «легендай сістэмы органаў унутраных спраў».

ДД

Стужка навінаў