Ёганэс Ган сказаў, калі Сербія і Чарнагорыя ўвойдуць у Еўразвяз

Wideo

Гэтыя краіны могуць увайсці ў ЕЗ у паскораным рэжыме. Боснія і Герцагавіна, Македонія, Албанія і Косава – у чарзе.

У аўторак 6 лютага еўракамісар па пытаннях пашырэння і палітыкі добрасуседства Ёганэс Ган прадставіць у Бруселі новую стратэгію ЕЗ у дачыненні да балканскіх краінаў. Паводле чыноўніка, Сербія і Чарнагорыя могуць уступіць у звяз да 2025 года, але толькі калі «яны выканаюць усе неабходныя ўмовы».

Еўракамісія збіраецца паскорыць працэс перамоваў з Сербіяй і Чарнагорыяй аб уступленні гэтых дзяржаваў у Еўрасаюз.

«Да 2025 года яны павінныя быць гатовыя стаць сябрамі ЕЗ», – гаворыцца ў найноўшым стратэгічным дакуменце Еўракамісіі.

Ган падкрэслівае, што дзверы ў ЕЗ адкрытыя для краінаў заходніх Балканаў, але толькі «пры адпаведных намаганнях з іх боку – такія ўмовы здзелкі». Боснія і Герцагавіна, Македонія, Албанія і Косава таксама ў перспектыве могуць уступіць у ЕЗ.

«Уваходжанне ў Еўразвяз краінаў заходніх Балканаў адпавядае палітычным і эканамічным інтарэсам звязу, а таксама спрыяе ягонай бяспецы», – цытуе дакумент Еўракамісіі «Deutche Welle».

У лістападзе Ган заяўляў, што дзверы ў ЕЗ застаецца адкрытай для Украіны, Грузіі і Малдовы, аднак не зрабіў ніякіх прагнозаў па тэрмінах.

На мінулым тыдні Ган упершыню пасля 2015-га года наведаў Беларусь. Ён абмеркаваў пытанні спрашчэння візавага рэжыму і пытанні правоў чалавека з Аляксандрам Лукашэнкам, Уладзімірам Макеям, а таксама беларускай апазіцыяй.

ДД

Глядзі таксама
Каментары