Яцэнюк пакуль не сыдзе ў адстаўку


Вярхоўная рада адмовілася выставіць вотум недаверу кабінету міністраў Украіны на чале з Арсенам Яцэнюком.

За праект пастановы аб недаверы ўраду прагаласавалі 194 народных дэпутата з 226 мінімальна неабходных.

Віцэ-спікер рады Аксана Сыроід лічыць, што Парашэнка разыграў спектакль, каб прынізіць парламент.

За вотум недаверу галасавалі фракцыі Блока Пятра Парашэнкі, «Бацькаўшчына» і абʼяднання «Самадапамога» – усе яны ўваходзяць у парламенцкую кааліцыю, якая фармуе ўрад. Супраць адстаўкі кабінета міністраў выступіў «Народны фронт» – яго ўзначальвае прэмʼер-міністр Арсень Яцэнюк.

Дэпутат Вярхоўнай рады і журналіст Мустафа Найем паведаміў, што перад галасаваннем зала пасяджэнняў пакінулі дэпутаты «Апазіцыйнага блоку», створанага прыхільнікамі былой Партыі рэгіёнаў.

Згодна з заканадаўствам, наступным разам рэзалюцыю аб недаверы ўраду можна будзе разгледзець на наступнай сесіі, якая адбудзецца ў верасні.

Арсен Яцэнюк 16 лютага выступіў у Вярхоўнай радзе са справаздачай аб выніках працы ўрада за 2015 год. Большасць дэпутатаў – 247 чалавек – прызналі гэтыя вынікі нездавальняльнымі.

Лідар прэзідэнцкай фракцыі ва ўкраінскім парламенце Юрый Луцэнка заявіў, што адстаўкі ўрада патрабуюць 70 адсоткаў жыхароў краіны. «Людзі бачаць, што вы не зашылі кішэні і нічога не рухаеце ў рэформах у гэтай краіне», – сказаў ён.

Раней прэзідэнт Украіны Пятро Парашэнка заклікаў Яцэнюка і генпракурора Віктара Шокіна сысці ў адстаўку. «Украінская праўда» са спасылкай на крыніцу ў Генеральнай пракуратуры паведаміла пра адстаўку Шокіна.

ДР, belsat.eu паводле meduza.io

Стужка навінаў