Яшчэ менш інтэрнэту: з 26 лютага Мінсувязі атрымае права блакаваць незалежныя сайты


Дакумент пад назвай «Палажэнне аб парадку абмежавання доступу да інфармацыйных рэсурсаў, размешчаных у глабальнай камп’ютарнай сетцы Інтэрнэт» набывае моц 26 лютага.

Пастанова зацвердзіла парадак абмежавання доступу да рэсурсаў:

• уладальнікам якіх вынесеныя два і больш пісьмовых папярэджанні Мінінфармацыі цягам года,

• што ўтрымліваюць інфармацыю пра незаконны абарот наркотыкаў, альбо іншую інфармацыю, забароненую да распаўсюду,

• уладальнікі якіх не выканалі патрабаванні дзяржоргану аб ліквідацыі парушэнняў заканадаўства пра СМІ.

Доступ да спісу забароненых сайтаў будуць мець толькі дзяржорганы і пастаўшчыкі інтэрнэт-паслуг.

Пасля таго, як чыноўнікі прымуць рашэнне пра закрыццё доступу да сайту, Мініфармацыі на працягу трох дзён паведамляе пра гэта ў Дзяржінспекцыю па электрасувязі і ўладальніку інтэрнэт-рэсурсу, калі ён размешчаны ў нацыянальным сегменце інтэрнэту.

Пастаўшчыкі інтэрнэт-паслуг на працягу содняў абавязаны абмежаваць доступ да інтэрнэт-рэсурсу, які трапіў у «чорны спіс».

Калі чыноўнікі высветляць, што для доступу да закрытых сайтаў выкарыстоўваюцца ананімайзеры і праграмы кшталту Tor, яны дададуць ідэнтыфікатары гэтых сайтаў у спіс абмежаванага доступу. 

Уладальнік заблакаванага інтэрнэт-рэсурсу мае права звярнуцца ў Мінінфарм, каб аднавіць доступ да сайта. Цягам месяца чыноўнікі могуць разглядаць гэтае рашэнне.

Прапанаваць унесці сайт у «чорны спіс» цяпер могуць не толькі дзяржаўныя органы, але і любы грамадзянін.

У снежні адбылося масавае блакаванне ўсіх буйных незалежных рэсурсаў Беларусі, а ў першы дзень 2015 году ў сілу ўступіў новы Закон аб СМІ, які моцна абмяжоўвае свабодны распаўсюд інфармацыі. Папраўкі да Закону, зробленыя «уціхую», эксперты тлумачаць прэзідэнцкімі выбарамі.

ДР, belsat.eu

Стужка навінаў