Мінінфарм зможа блакаваць сайты пасля двух папярэджанняў


Міністэрства інфармацыі будзе вырашаць, што можна публікаваць на сайтах і што нельга. Папраўкі да Закона аб СМІ, зробленыя «уціхую», эксперты тлумачаць прэзідэнцкімі выбарамі.

Ад 2015 году Міністэрства інфармацыі зможа дыктаваць сайтам (нават не зарэгістраваным як СМІ) што пісаць, а што не, у выпадку непадпарадкавання сайты будуць блакавацца.

Прадстаўнікі інтэрнэт-СМІ цяпер будуць мець магчымасць атрымаць акрэдытацыю. Але падпарадкоўвацца закону будуць нават сайты, не зарэгістраваныя як СМІ.

На думку спадара Быкоўскага, папраўкі робяць закон як больш жорсткім, так і ўносяць некаторыя станоўчыя змены:

«Акрэдытацыю для прадстаўнікоў інтэрнэт-СМІ я лічу станоўчай зменай. Раней інтэрнэт-сайты не мелі такой магчымасці. – кажа медыяэксперт. – Але ў той жа час цяпер Міністэрства інфармацыі будзе мець магчымасць кантролю над кантэнтам сайтаў, што даступныя на тэрыторыі Беларусі. І гэта датычацца не толькі даменнай зоны by, а і ўсіх астатніх. Як гэта будзе працаваць – незразумела».

Будзе ўведзены дзяржаўны рэестр распаўсюднікаў друкаваных СМІ, кабельных і тэлевізійных СМІ і радыё.

Закон змянілі «уціхую»

Абмеркаванне паправак да Закону аб СМІ і іх прыняцце праходзіла без удзелу Беларускай асацыяцыі журналістаў. Як распавёў прадстаўнік БАЖу Барыс Гарэцкі, у асацыяцыі нават не ведалі, што на сесіі парламента будуць абмеркаваныя папраўкі да закону. Пры гэтым, па словах Гарэцкага, цягам года БАЖ неаднаразова звяртаўся і ў Міністэртва інфармацыі, і ў Адміністрацыю прэзідэнта з прапановай правесці шырокае ўсебаковае абмеркаване Закону аб СМІ. Адміністрацыя прэзідэнта не адмаўляла ў абмеркаванні з удзелам БАЖу, а Міністэрства інфармацыі ўвогуле адказвала, што не лічыць мэтазгоднымі якія-кольвек змены ў існуючае заканадаўства аб сродках масавай інфармацыі.

Юрыст БАЖу Андрэй Бастунец мяркуе, што прынятыя змены ў Закон аб СМІ адназначна робяць яшчэ больш жорсткімі ўмовы, у якіх працуюць беларускія журналісты.

«Ужо адно тое, што цяпер Міністэрства інфармацыі будзе вырашаць, што можа на сайце з’явіцца, а што – не, а яшчэ што сайт будзе блакавацца пасля двух папярэджанняў Міністэрства, робіць гэтыя змены відавочна больш жорсткімі», – зазначае юрыст.

На думку Андрэя Бастунца, патлумачыць унясенне паправак зараз, так хутка, можна толькі набліжэннем прэзідэнцкіх выбараў.

«Закон аб унясенні зменаў і дапаўненняў у Закон РБ аб сродках масавай інфармацыі» Палата прадстаўнікоў прыняла ў двух чытаннях. Цяпер ён чакае подпісу прэзідэнта, а змены ўступяць у сілу з 1 студзеня.

 Усіх заблакуюць?

Міхась Янчук, прадстаўнік «Белсату» у Беларусі зазначае, што праўкі Закона аб СМІ ўдараць па ўсіх, хто працуе ў інтэрнэце, незалежна ад таго, дзе сайт знаходзіцца – у Беларусі ці за мяжой:

«Дагэтуль інтэрнэт быў адзінай свабоднай сферай у СМІ ў Беларусі. А цяпер сайтам спрабуюць дадаць абавязкаў паводле закону аб СМІ, не надаючы ніякіх правоў. А калі будуць блакаваць «няўгодныя» сайты не толькі з дамену by, то атрымліваецца, што заблакаваны будзе ўвесь інтэрнэт у Беларусі?»

Данута Бароўская, belsat.eu

Стужка навінаў