Яшчэ адзін «нож у спіну» Расеі? Чарнагорыя стане сябрам НАТО ў чэрвені


На мінулым тыдні ў Тўітэры ўрада Чарнагорыі зʼявіўся запіс: «Пратакол аб уваходзе ў НАТО ратыфікаваны! Дзякуй усім хаўруснікам і партнёрам».

Наступныя дзеянні ўжо распланаваныя і адпрацаваныя за дзесяцігоддзі існавання абарончага хаўрусу – генеральны сакратар НАТО Енс Столтэнбэрг накіруе ліст з запрашэннем Чарнагорыі далучыцца да Паўночна-Атлантычнага альянсу. Потым 5 чэрвеня 2017 году Мантэнерга афіцыйна стане сябрам НАТО, распавёў «Голасу Амерыкі» прэмʼер-міністр краіны Душка Маркавіч.

Такім чынам у НАТО зʼявіцца 29-ы сябар. Раней з былых югаслаўскіх рэспублік у НАТО ўвайшлі Славенія і Харватыя, прычым першай давялося правесці супраць Сербіі кароткую і амаль бяскроўную вайну за незалежнасць, а другая ваявала за сваю свабоду і тэрытарыяльную цэласнасць доўга і інтэнсіўна.

Курорт для масквічоў?

Чарнагорыя – былая рэспубліка сацыялістычнай Югаславіі, якая даўжэй за ўсіх захоўвала федэратыўныя сувязі з Сербіяй. І дагэтуль прасербскія, прарасейскія і антызаходнія настроі ў Чарнагорыі дастаткова моцныя.

У парламенце краіны 81 дэпутат – і толькі 46 прагаласавалі за ўступ у НАТО, астатнія ў знак пратэсту пакінулі залю.

Чарнагорыя таксама як і Сербія лічыцца даволі вельмі прарасейскай краінаю: сотні тысячаў заможных турыстаў з Расеі апошнія 20 гадоў пакідаюць тут грошы, а некаторыя і набываюць жытло нпадалёк Адрыятычнага мора.

Абапіраючыся на свой культурны і эканамічны ўплыў Масква лічыла малаверагодным новае пашырэнне НАТО за кошт тэрыторыі былога сацыялістычнага блоку.

Рэакцыя Расеі і ЗША

Імкненне Чарнагорыі ў НАТО выклікала абурэнне ў Крамлі. Масква яшчэ ў 2015 годзе вуснамі міністра замежных справаў Сергея Лаўрова назвала першае з 2009 года пашырэнне НАТО «правакацыяй», а палітыку адкрытых дзвярэй для прыёму новых сяброў – «безадказнаю».

У сваю чаргу ўплывовы сябар Рэспубліканскай партыі ЗША – сенатар Джон МакКейн адзначыў, што ўступленне Чарнагорыі ў НАТО дапаможа захаваць рэгіянальную стабільнасць і ўзмацніць супраціў расейскаму рэваншызму.

Канешне, Чарнагорыя не можа заўважна ўзмацніць сілы НАТО – уся чарнагорская армія складае каля 2.000 жаўнераў, аднак яна цалкам пераўтварае Адрыятычнае мора ва ўнутранае мора НАТО і можа стаць новай зручнай ваенна-марской базай альянса. Менавіта Чарнагорыя, дзе знаходзіліся значныя ваенна-марскія базы Югаславіі, пераўтварае Адрыятычнае мора ва ўнутраную акваторыю НАТО.

Цалкам верагодна, што Масква сама спадзявалася паставіць тут свае караблі і самалёты. Расея лічыць Балканы сваёй сферай уплыву і намагаецца ўзмацніць свае вайскова-палітычныя сувязі з Сербіяй – і менавіта ваенна-марская база ў суседняй Чарнагорыі магла б стаць кропкай апоры для далейшага расейскага ўмяшання ў справы рэгіёну, які дагэтуль не залячыў усе раны.

Некалькі правакацыяў маглі б зноў распаліць тут і ў суседняй Босніі агонь этнічнай і рэлігійнай вайны, якая б магла стварыць Еўропе і ЗША вялізарныя праблемы і была б ня менш крывавай за сірыйскую грамадзянскую вайну.

Няўдалася проба перавароту

На гэтым фоне мінулай восенню Чарнагорыя афіцыйна абвінаваціла РФ у спробе арганізацыі перавароту ў дзень выбараў.

У змове ўдзельнічалі грамадзяне Расеі і Сербіі, у тым ліку тыя, хто ваяваў супраць Украіны на Данбасе. Планавалася, што змоўнікі пераапрануцца ў форму паліцыі, захопяць парламент і забʼюць прэмʼер-міністра.

Пазней чарнагорскі пракурор Мілівое Катніч заявіў, што маюцца доказы ўдзелу расейскіх спецслужбаў у падрыхтоўцы перавароту, і што мэтай было не дазволіць Чарнагорыі далучыцца да НАТО. Расея зняпраўдзіла гэтыя абвінавачанні.

Надзея Масквы на новаабранага прэзідэнта ЗША Доналда Трампа, які рэзка крытыкаваў НАТО падчас выбарчай кампаніі, таксама правалілася – Трамп не звярнуў увагу на расейскую крытыку і падтрымаў уступленне Чарнагорыі ў альянс ужо на наступны дзень пасля амерыканскага ракетнага ўдару па сірыйскай авіябазе.

Аляксандр Гелагаеў, belsat.eu

Стужка навінаў