Яшчэ адна журналістка збіраецца балатавацца ў прэзідэнты Расеі


Расейская тэлевядоўца Кацярына Гардон заявіла пра свой намер балатавацца на пасаду прэзідэнта РФ ў 2018 годзе.

«Я, імаверна, буду адзіным кандыдатам, не ўзгодненым з адміністрацыяй прэзідэнта», – падкрэслівае Гардон.

Гардон пазіцыянуе сябе як кандыдат, які выступае за правы жанчын і дзяцей.

«Правы жанчын і дзяцей – люстэрка расейскай рэальнасці», – гаворыцца на яе сайце. На думку журналісткі, Расея – краіна маці-адзіночак, на якіх «усім пляваць».

Пры гэтым у сваім відэазвароце яна падкрэслівае, што ў яе пазіцыі «няма нянавісці да мужчын».

Як паведамляе тэлеканал «Дождь», Кацярыне Гардон 37 гадоў, яна з’яўляецца заснавальнікам юрыдычнай кампаніі «Гардон і сыны». Журналістка адзначае, што яна на практыцы ведае, як працуе судовая сістэма, як жанчыны «цягнуць дзяцей, а мужчыны сыходзяць ад адказнасці».

Раней пра намер балатавацца на пасаду прэзідэнта Расеі заявіла вядоўца Ксенія Сабчак.

КА, belsat.eu

Стужка навінаў