Яшчэ адна акцыя падтрымання Надзеі Саўчанкі адбудзецца 9 сакавіка ў Менску

photo

Сёння каля каля будынку расейскай амбасады Расеі ў Беларусі прайшла акцыя ў падтрымку ўкраінскай лётчыцы, якую судзяць у Расеі за датычнасць да забойства расейскіх журналістаў.

З заклікам чарговы раз сабрацца 9 сакавіка каля расейскай амбасады выступілі ўдзельнікі акцыі – прыблізна 20 асобаў.

Людзі трымалі здымкі Саўчанкі, а таксама невялікія плакаты з надпісамі: «Свабоду Надзеі Саўчанцы», «Расея – турма народаў» ды іншымі.

Еўрапейскі Звяз заклікае да неадкладнага вызвалення ўкраінскай лётчыцы. Адпаведная заява прадстаўніка ў пытаннях замежнай палітыкі і палітыкі бяспекі была апублікаваная сёння ў Бруселі.

«Паведамленні аб сухой галадоўцы Надзеі Саўчанкі надзвычай трывожныя. Еўрапейскі Звяз працягвае заклікаць да неадкладнага вызвалення Надзеі Саўчанкі», – гаворыцца ў заяве.

7 сакавіка, кіраўнік Украіны Петр Парашэнка заклікаў еўрапейскіх лідараў узмацніць ціск на Расею, «каб вызваліць Надзею Саўчанку».

«Я не прызнаю ні віны, ні прысуду, ні расейскага суда. У выпадку абвінаваўчага прысуду – апеляцыі не будзе. Я хачу, каб увесь цывілізаваны дэмакратычны свет зразумеў, што Расея – гэта краіна трэцяга свету з таталітарным рэжымам і дыктатарам-самадурам, у якой плююць на правы чалавека і міжнароднае права», – гаворыцца ў тэксце апошняй прамовы Надзеі Саўчанкі ў судзе, якую яна зачытае 9 сакавіка.

Глядзі таксама
Каментары