Ярмошына: Вялікая колькасць апазіцыянераў у выбарчых камісіях – прадвеснік канфліктаў


Вялікая колькасць прадстаўнікоў апазіцыі ў выбарчых камісіях на выбарах прэзідэнта краіны можа прывесці да канфліктаў, лічыць старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі Беларусі Лідзія Ярмошына.

Пра гэта яна заявіла ў інтэрвю нядзельнай праграме «Контуры» тэлеканалу ОНТ, падае interfax.by.

«Палова ўдзельнікаў (у складзе выбарчых камісій – рэд.) з боку апазіцыі немагчымая: у апазіцыі занадта мала кадраў. На жаль, нашыя мясцовыя выканаўчыя органы не імкнуцца выконваць заяўкі апазіцыі. Але я іх разумею, таму што большая частка тых, хто прэтэндуе на гэтыя месцы, – гэта, як правіла, гарадское эпатажнае асяроддзе, якое ўвесь час канфліктуе з уладай», – сказала Ярмошына.

Яна дадала, што гэтыя людзі «добра вядомыя ў мясцовых выканаўчых органах» і пакуль не заваявалі сімпатыяў у мясцовых уладаў.

Па словах Ярмошынай, выканкамы «не жадаюць ствараць пажар, што няспынна цьмее, ды яшчэ пажар, які будзе ціснуць на ўсіх астатніх чальцоў камісіі, нармальных талерантных людзей».

Разам з тым, падкрэсліла кіраўнік ЦВК, у апазіцыйным асяроддзі ёсць талерантныя інтэлігентныя людзі, якія не ладзяць скандалы на пустым месцы. «Гэтыя людзі ўключаюцца, але гэты адсотак, які задавальняе ўладу, не задавальняе апазіцыю», – заўважыла яна.

«Аддаць на водкуп працу выбарчых камісій людзям, якія ні за што не адказваюць і якім выгадны скандал і пажар, будзе недальнабачна, паколькі гэта паставіць пад пагрозу арганізацыю выбарчай кампаніі», – падсумавала Ярмошына.

Прэзідэнцкая выбарчая кампанія можа распачацца ўжо 30 чэрвеня, бо ЦВК прапануе правесці прэзідэнцкія выбары 11 кастрычніка. Раней магчымым днём выбараў называлася дата 15 лістапада 2015 года.

МЯ, belsat.eu

Стужка навінаў