Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына зноў адзначыла, што прэзідэнцкія выбары могуць адбыцца датэрмінова – ўжо ў 2019 годзе.
Паводле Ярмошынай, калі выбарчае заканадаўства не будзе мяняцца, то ў канцы 2018-га яна звернецца да Аляксандра Лукашэнкі наконт тэрмінаў правядзення прэзідэнцкай кампаніі – «думаю, гэта будзе нарада аб тэрмінах выбарчых кампаніяў».
«Справа ў тым, што ў 2020-м яны супадаюць, і павінна быць прынята рашэнне, якая кампанія будзе першай. Акрамя таго, у наступным годзе мы ўжо павінны закладваць пэўную суму ў бюджэт на восень 2019-га, на пачатак кампаніі», – заявіла яна ў інтэрв’ю газеце «Рэспубліка».
Прэзідэнцкія выбары павінны адбыцца не пазней за 30 жніўня 2020 года, а выбары ў Палату прадстаўнікоў – не пазней за 10 верасня. Але Лідзія Ярмошына не лічыць, што дзве гэтыя кампаніі магчыма сумясціць.
«Безумоўна, гэтыя дзве выбарчыя кампаніі трэба разводзіць. Часам у свеце такія выбары праводзяцца сумесна, але гэта заўсёды звязана з канфліктамі. У Расеі, напрыклад, пасля падзей на Балотнай плошчы амаль на паўтара года развялі прэзідэнцкія і парламенцкія выбары. Пытанні бяспекі і палітычнай стабільнасці прымушаюць і нас праводзіць гэтыя кампаніі на досыць вялікім адрэзку адзін ад аднаго», – сцвярджае Ярмошына.
ІІ, belsat.eu