Ярмошына: Прэзідэнцкія выбары – гэта заўсёды спроба Захаду змяніць наш палітычны курс


Прэзідэнцкія выбары ў Беларусі – гэта заўсёды спроба змены палітычнага курсу, заявіла старшыня Цэнтральнай камісіі па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў Лідзія Ярмошына 30 красавіка на сустрэчы з прадстаўнікамі Беларускага рэспубліканскага саюзу моладзі.

Вялікая цікавасць да прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі з боку краін як блізкага, так і далёкага замежжа выклікана перш за ўсё асобай галоўнага кандыдата на пасаду кіраўніка дзяржавы, якой з’яўляецца дзейны прэзідэнт, сказала Ярмошына. Пра гэта інфармуе БелаПАН.

«Магутным еўрапейскім гульцам, і перш за ўсё галоўнаму гульцу – Злучаным Штатам, няўгодная яго цікавая і харызматычная асоба, – заявіла кіраўнік ЦВК. – Чаму? Таму, што ўсе дзяржавы, якія блізкія да Расіі і з’яўляюцца яе найбліжэйшымі саюзнікамі, заўсёды знаходзяцца ў полі незадаволенасці больш магутных дзяржаў, якія плятуць інтрыгі супраць Расейскай Федэрацыі. Таму выбары ў нашай краіне – гэта заўсёды спроба змены палітычнага курсу».

Кіраўнік ЦВК падкрэсліла, што «за тымі хваляваннямі, якія правакуе правядзенне выбараў, заўсёды стаіць арганізацыя».

«Калі мне кажуць, што ў Кіеве на Майдан народ сцякаўся па ўласнай волі, я гэта ўспрымаю як трызненне і глупства, якое выказваюць або наіўныя людзі, або дурні, – сказала яна. – Няма ніякай выпадковай, стыхійна сфармаванай волі народа. Можа, там, дзе праходзяць галодныя бунты, дзе не хапае прадуктаў, нейкая частка хатніх гаспадынь могуць выйсці з каструлямі на вуліцу. Але, у прынцыпе, усе хваляванні, няхай і дастаткова сурёзныя, заўсёды арганізуюцца і адбываюцца за чые-небудзь сродкі, і да гэтага, вядома, прыцягваюцца міжнародныя сілы».

Паводле слоў Ярмошынай, цікавасць да беларускіх выбараў перш за ўсё выкліканая тым, што вонкавых партнёраў «заўсёды цікавіць, хто ж прыйдзе да ўлады і які курс будзе ў транзітнай краіны, краіны, якая займае важнае геапалітычнае становішча, найбліжэйшага саюзніка Расеі».

«У гэтым і спроба паўплываць на гэтыя працэсы, прымусіць уладу дзейнічаць у тым ці іншым ключы, які будзе даспадобы еўрапейскім гульцам», – дадала яна.

Найбольш верагоднай датай прэзідэнцкіх выбараў сёлета ў Беларусі называецца 15 лістапада.

Пасля пратэстаў супраць фальсіфікацыі выбараў у 2010 годзе былі затрыманыя 8 кандыдатаў у прэзідэнты, шмат людзей было збітых спецназаўцамі. 20 снежня 2010 года Лукашэнка паведаміў аб арышце 639 асоб і пацвердзіў, што вылучэнцаў у прэзідэнты дапытвалі ў месцах зняволення КДБ.

31 снежня 2010 года Міністэрства замежных спраў Беларусі паведаміла аб спыне паўнамоцтваў прадстаўніцтва АБСЕ ў Менску з прычыны нежадання ўраду іх працягваць.

МЯ, паводле БелаПАН

Стужка навінаў