Ярмошына: Праверку подпісаў прайшлі Гайдукевіч, Караткевіч, Лукашэнка і Улаховіч


У кожнага з патэнцыйных кандыдатаў выявілася па некалькі тысяч несапраўдных подпісаў: ва Улаховіча «выпалі» 10 тысяч подпісаў, у Лукашэнкі – 7,5 тысячы, у Гайдукевіча і Караткевіч – па 2 тысячы.

Старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі Лідзія Ярмошына адзначыла, што на пасяджэнні ЦВК, якое запланаванае на 10 верасня, будзе рэкамендаваць калегам зарэгістраваць усіх чатырох у якасці кандыдатаў на прэзідэнта. Пры ўмове, што самі прэтэндэнты пажадаюць працягваць выбарчую кампанію, распавяла Лідзія Ярмошына радыё «Свабодзе».

Яна патлумачыла, што кандыдаты мусяць напісаць заявы пра сваё жаданне балатавацца і здаць поўны камплект неабходных дакументаў. Пакуль, удакладніла Ярмошына, гэта зрабілі толькі Сяргей Гайдукевіч і Тацяна Караткевіч. А адмова ад заявы ці няпоўны камплект дакументаў – падстава для адмовы ў рэгістрацыі.

Што датычыць яшчэ чатырох прэтэндэнтаў – Цярэшчанкі, Лябедзькі, Калякіна і Раманоўскай – будзе прынятая агульная пастанова, што кожны з іх не набраў неабходныя 100 тысяч сапраўдных подпісаў.

Ярмошына кажа: пасля таго як ЦВК зарэгістравала восем ініцыятыўных групаў, яна разлічвала, што сем з іх вытрымаюць іспыт:

«Я думала, што і Лябедзька з Калякіным збяруць па 100 тысяч. І не спадзявалася, што такая гісторыя адбудзецца з Цярэшчанкам. Мне падавалася, што сёлета будзе сцэнар 2010 года і абставіны складуцца падобным чынам, як тады».

Старшыня ЦВК паведаміла, што досыць высокі працэнт несапраўдных подпісаў быў у Мікалая Улаховіча – дзесьці 13,8 %. А 15 % ужо даюць права здымаць кандыдата з выбарчай гонкі. Улаховіч страціў 10 тысяч подпісаў. Па дзве тысячы адмінусавалі ў Гайдукевіча і Караткевіч. Нават у Лукашэнкі знайшлі 7,5 тысячы несапраўдных подпісаў. Але ў яго подпісаў вельмі шмат.

Калі Таццяну Караткевіч 10 верасня зарэгіструюць, то гэта будзе першым выпадкам удзелу кандыдата-жанчыны ў прэзідэнцкіх выбарах. Ярмошына ўдакладніла, што некаторыя блытаюць, калі кажуць, што ў 2001 годзе балатавалася Наталля Машэрава. Ініцыятыўную групу спадарыні Машэравай тады зарэгістравалі. Але літаральна праз некалькі дзён пасля гэтага Машэрава падала заяву, у якой паведаміла, што не будзе збіраць подпісы.

Паводле Уладзімер Глод, svaboda.org

Стужка навінаў