Ярмошына прагаласавала датэрмінова за «асобу, якую добра ведае»

video

Старшыня Цэнтрвыбаркама выбірала дэпутата ў бізнес-цэнтры «Пакроўскі» каля «Менск-арэны», на выбарчым участку №511, дзе балатуецца ў тым ліку і спявачка Ірына Дарафеева. Паводле Ярмошынай, пазней у яе не будзе часу на галасаванне.

Кіраўніцы ЦВК неабходна было выбраць з экс-кандыдата ў прэзідэнты Віктара Цярэшчанкі, спявачкі Ірыны Дарафеевай, аглядальніка Уладзіміра Падгола, юрыста і сына былога кіраўніка Федэрацыі прафсаюзаў Андрэя Козіка, камуніста Кірылы Герасімава і ліберал-дэмакрата Алега Чэсалава.

«Я прагаласавала за таго чалавека, якога вельмі добра ведаю. Дэпутатам павінен быць чалавек, які нешта з сябе прадстаўляе або які чагосьці дасягнуў: вядомасці, капіталу, адукацыі, перспектыў», – распавяла Лідзія Ярмошына.

У першы дзень датэрміновага галасавання, паводле афіцыйных дадзеных, на ўчасткі прыйшлі каля 4% выбарцаў – такія паказнікі Лідзія Ярмошына назвала звычайнай практыкай. Прэтэнзіі некаторых незалежных назіральнікаў, якія заявілі, што іх дадзеныя разыходзяцца з афіцыйнымі, кіраўнік ЦВК назвала несурʼёзнымі.

«Ніякага прымусу студэнтаў ісці на выбары не было, а лішні выходны, які некаторым абяцалі, – гэта не прымус, а, калі можна так сказаць, подкуп выбарцаў. Адміністрацыя ВНУ вольная такім чынам стымуляваць палітычную актыўнасць. Такім чынам, парушэнні заканадаўства няма».

Лідзія Ярмошына заявіла, што гэтыя выбары на 100% празрыстыя з самага іх пачатку. Яна назвала іх самымі дэмакратычнымі з 2000 года.

ДР belsat.eu паводле tut.by

Глядзі таксама
Каментары