Ярмошына: Павелічэнне тэрміну паўнамоцтваў прэзідэнта спрыяла б стабільнасці грамадства


Лідзія Ярмошына. Фота bymedia.net

Рэферэндум аб павелічэнні тэрмінаў паўнамоцтваў дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў і прэзідэнта, а таксама аб пераходзе да прапарцыянальна-мажарытарнай выбарчай сістэмы ў Беларусі можа адбыцца, «калі на тое будзе воля кіраўніка дзяржавы», заявіла старшыня Цэнтрвыбаркаму Лідзія Ярмошына.

Адносна прапановы Ліберальна-дэмакратычнай партыі (ЛДП) арганізаваць адначасова з выбарамі ў мясцовыя саветы 2018 года рэспубліканскі рэферэндум кіраўнік ЦВК адзначыла агенцтву БелаПАН: «У мяне няма тут і не можа быць думкі з-за таго, што я не ўдзельнічаю ў прыняцці палітычных рашэнняў. Сама прапанова ні ў чым не супярэчыць міжнароднай практыцы. І яе рэалізацыя ў пэўным плане магла б спрыяць стабільнасці грамадства і некаторай эканоміі выдаткаў на выбары».

З ініцыятывай аб правядзенні рэферэндуму па змяненні Канстытуцыі Ліберальна-дэмакратычная партыя выступіла на мінулым тыдні. Адпаведная заява была прынятая вышэйшым саветам і цэнтральным камітэтам партыі 23 лістапада. ЛДП прапаноўвае перайсці на прапарцыянальна-мажарытарную сістэму выбараў, а таксама павялічыць тэрмін паўнамоцтваў членаў Савету Рэспублікі, дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу і дэпутатаў мясцовых саветаў з чатырох да пяці гадоў, а прэзідэнта – з пяці да сямі гадоў.

Прапарцыянальна-мажарытарная сістэма – гэта сістэма выбараў у парламент, якая спалучае дзве сістэмы: у парламент праходзяць кандыдаты, якія атрымалі большасць галасоў выбарцаў у сваёй выбарчай акрузе, а таксама кандыдаты з партыйных спісаў прапарцыйна галасам аддадзеным за кожны спіс.

Апошні рэферэндум па змене Канстытуцыі Беларусі адбыўся 17 кастрычніка 2004 года з ініцыятывы Аляксандра Лукашэнкі. Паводле вынікаў рэферэндуму было адменена абмежаванне колькасці прэзідэнцкіх тэрмінаў для аднаго чалавека.

Сёлета 7 кастрычніка на сустрэчы з парламентарыямі старога і новага скліканняў Аляксандр Лукашэнка заявіў, што не выключае карэкціроўкі Канстытуцыі.

«Свет імкліва змяняецца. Мы павінны адаптавацца да ўмоваў, якія змяняюцца, каб не толькі не страціць занятыя намі нішы, але і знайсці новыя. Магчыма, наспеў час правесці і аналіз нашага Асноўнага закону, я ўжо неяк пра гэта казаў. Паспрабуем падысці да гэтага пытання з розных бакоў. Акуратна, каб не зрабіць горш. Зʼявіліся новыя праблемы, выклікі. Ды і час, напэўна, патрабуе чагосьці новага. І пачынаць трэба з галоўнага, калі мы адважымся на гэта. Нам трэба стварыць групу мудрацоў, юрыстаў, якія прааналізуюць Асноўны закон. І калі трэба будзе, мы на гэта пойдзем», – сказаў Лукашэнка.

МЯ, паводле naviny.by

Глядзі таксама
Каментары