Ярмошына: Найбольш імаверная дата правядзення выбараў – 15 лістапада


ЦВК не бачыць сэнсу ў стварэнні інтрыгі з датай правядзення прэзідэнцкіх выбараў.

«На гэты момант найбольш імаверная дата – 15 лістапада 2015 года. Гэта апошняя магчымая нядзеля для правядзення выбараў, бо ў адпаведнасці з Канстытуцыяй РБ яны мусяць адбыцца не пазней, чымся за два месяцы да заканчэння паўнамоцтваў кіраўніка дзяржавы», – заявіла старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына ў інтэрв’ю часопісу «Беларуская думка».

«Гэта дата даведзеная Цэнтральнай выбарчай камісіяй да ведама кіраўніка дзяржавы і папярэдне адобраная ім як самая верагодная. Нам няма сэнсу ствараць тут інтрыгу. Таму і палітычным партыям, і беспартыйным, якія будуць прэтэндаваць на пасаду прэзідэнта, трэба арыентавацца на гэты тэрмін. Так прасцей і ім, і нам», – адзначыла Ярмошына.

Паводле Ярмошынай, у іншых дзяржавах выбары кіраўніка краіны найчасцей праводзяць у сакавіку і лістападзе, бо гэтыя месяцы «не звязаныя з асноўнымі рэлігійнымі і свецкімі святамі». Па-другое, гэтыя месяцы не супадаюць з сезонам адпачынкаў і вакацыяў.

НМ, belsat.eu, паводле БелТА

Стужка навінаў