Ярмошына: Гісторыя з атручваннем Цярэшчанкі – рэкламны трук


Частка здадзеных на праверку ў Цэнтрвыбаркам подпісаў дзеля вылучэння Віктара Цярэшчанкі кандыдатам у прэзідэнты Беларусі не проста недакладная, а наўмысна сфальсіфікаваная.

Пра гэта заявіла кіраўніца ЦВК Лідзія Ярмошына ў эфіры дзяржаўнага тэлеканалу «Беларусь 1» у нядзелю ўвечары, падае interfax.by.

«Адна справа, калі каля подпісу дата выкананая не ўласнаручна. Але калі подпіс скапіяваны на ксеракс альбо гэта подпіс няіснай асобы, калі подпісы выкананы за грамадзянаў іншымі асобамі, гэта вельмі сур’ёзнае правапарушэнне. Менавіта такія подпісы перавысілі той самы крытычны працэнт», – сказала чыноўніца.

Яна таксама выказалася пра сітуацыю з нібыта наўмысным атручваннем дадзенага прэтэндэнта на прэзідэнцтва, назваўшы тое, што адбылося рэкламным трукам.

Чытайце яшчэ >>> Таццяна Караткевіч: Ярмошына правакуе канфлікт

«Я думаю, што гэта рэкламны трук, я не веру ні ў якую тэорыю змовы, таму што назваць дадзенага кандыдата апазіцыйным і небяспечным для афіцыйных уладаў, я думаю, будзе моцным перабольшаннем», – адзначала старшыня Цэнтрвыбаркаму.

«Заходні след – дык гэта ўвогуле нейкая глупства. Навошта Захаду ў гэта ўмешвацца і «выдаляць» менавіта гэтага кандыдата? Тым больш ён абсалютна не прытрымліваецца антызаходніх поглядаў, – працягнула спадарыня Ярмошына. – Тут звычайнае супадзенне. Я думаю, што ён быў уведзены ў зман, у тым ліку сваёй уласнай ініцыятыўнай групай. Вядома, крыўдна прайграваць, тым больш у такім кантэксце».

28 верасня Віктара Цярэшчанку шпіталізавалі ў адну з менскіх лякарняў пасля наведвання сталічнай кавярні «Грунвальд», дзе ён выпіў маркоўны сок. Тагачасны патэнцыйны прэтэндэнт у кандыдаты збялеў і апух, лекары казалі пра алергічную рэакцыю, сам Цярэшчанка не выключаў наўмыснага атручання.

Прадстаўнік ініцыятыўнай групы Цярэшчанкі Яўген Доўгель у эфіры тэлеканалу АНТ заявіў, што меркаванае атручанне прэтэндэнта на прэзідэнцтва мае замежны след. «Мы думаем, што мы закранаем занадта сур’ёзныя пытанні, што нават, можа, гэта ўплыў і за межамі рэспублікі», – сказаў Доўгель. Пры гэтым ён адзначыў, што сам палітык не лічыць, што яго мог атруціць нехта з Беларусі.

Глядзіце яшчэ >>> Апошні дзень для патэнцыйных кандыдатаў, каб падаць дакументы на рэгістрацыю ў ЦВК

1 верасня Цэнтрвыбаркам Беларусі апублікаваў папярэднія дадзеныя пра сапраўдныя подпісы па вылучэнні ў кандыдаты на пасаду прэзідэнта краіны. Ініцыятыўная група Цярэшчанкі здала больш як 130 тыс. подпісаў, але сапраўднымі аказаліся толькі каля 7 тыс. У прыватнасці, паводле дадзеных ЦВК, у Гарадзенскай вобласці ў Цярэшчанкі не аказалася ніводнага праўдзівага подпісу.

Паводле выбарчага заканадаўства, кандыдатам на пасаду кіраўніка дзяржавы можа быць прызнаныпрэтэндэнт, які набраў не менш за 100 тыс. сапраўдных подпісаў. Тым не менш, 5 верасня Віктар Цярэшчанка падаў дакументы ў Цэнтрвыбаркам на рэгістрацыю кандыдатам у прэзідэнты.

Дакументы ў ЦВК таксама падалі дзейсны кіраўнік Беларусі Аляксандр Лукашэнка, вярхоўны атаман беларускіх казакоў Мікалай Улаховіч, старшыня Ліберальна-дэмакратычнай партыі Беларусі Сяргей Гайдукевіч і актывістка кампаніі «Гавары праўду» Таццяна Караткевіч.

Рэгістрацыя кандыдатаў Цэнтрвыбаркамам чакаецца да 10 верасня.

Выбары прэзідэнта Беларусі пройдуць 11 кастрычніка 2015 года.

МЯ, паводле interfax.by

Стужка навінаў