Ярмошына абяцае, што на наступных выбарах падлік бюлетэняў не будзе весціся спінамі да назіральнікаў


Фота nn.by

Старшыня Цэнтрвыбаркаму Беларусі Лідзія Ярмошына абяцае да наступных выбараў распрацаваць схему размяшчэння сябраў выбарчых камісій пры падліку бюлетэняў з тым, каб гэты працэс быў бачны назіральнікам.

«У прынцыпе, я думаю што варта зрабіць наступным чынам: трэба падлічваць усе бюлетэні на адным баку стала (тварам да назіральнікаў – рэд.). Не акружаючы стол, як мы гэта бачылі», – сказала Лідзія Ярмошына ў онлайн-інтэрвю на партале tut.by.

На думку кіраўніцы ЦВК, дадзеная прапанова задаволіць і назіральнікаў, і сябраў выбарчых камісій, падае interfax.by.

«Нам трэба прадумаць на наступныя выбары ў метадычных тлумачэннях схему размяшчэння (пры падліку бюлетэняў – рэд.), калі выбарчыя камісіі не праяўляюць у гэтым пытанні здаровага сэнсу», – дадала чыноўніца.

Выбары прэзідэнта Беларусі прайшлі 11 кастрычніка, на іх, паводле афіцыйных звестак, перамог кіраўнік Беларусі Аляксандр Лукашэнка з 83,47 % галасоў. Адной з асноўных прэтэнзій назіральнікаў ад АБСЕ да мінулых выбараў стала непразрыстасць падліку галасоў на шэрагу выбарчых участкаў.

МЯ, паводле interfax.by

Глядзі таксама
Каментары