Яраслаў Крывой: Беларуская дзяржаўнасць – нестабільная


[vc_row][vc_column][vc_video link=”https://youtu.be/vIWsZAYKS_k?t=9m54s”][vc_column_text]Якія галоўныя памылкі палітыкі аб’яднанай Еўропы адносна Беларусі? І на чым трэба канцэнтравацца, каб змяніць нашу краіну? З Яраславам Крывым, юрыстам з Лондану, дырэктарам Цэнтру Астрагорскага і рэдактарам Belarus Digest размаўляла Аліна Коўшык.

АК: – Яраслаў, мы на парозе прэзідэнцкіх выбараў. Ці мы можам параўнаць сітуацыю напярэдадні выбараў у 2010 годзе і цяпер? Некаторыя эксперты кажуць пра пэўнае пацяпленне адносінаў паміж Беларуссю і аб’яднанай Еўропай?

ЯК: – З аднаго боку можна назіраць, што перад выбарамі ўсталяваліся больш шчыльныя адносіны паміж Беларуссю і Захадам, вялікія чаканні… Але таксама ёсць адрозненне ў тым, што было 5 гадоў таму і цяпер. Напрыклад, геапалітычны кантэкст моцна змяніўся. Сітуацыя ва Украіне кардынальна памяняла стаўленне і ўладаў, і ўнутры апазіцыі, і сярод беларускага народу. Калі мы паглядзім на розныя пытанні, Украіна разглядаецца як галоўны фактар, чаму беларусы сталі больш кансерватыўныя, чаму яны баяцца рэвалюцыяў. Таксама менш апазіцыйных кандыдатаў зарэгістравана і гэта таксама зніжае градус палітычнай барацьбы ці хаця б выгляду палітычнай барацьбы, што мы назіралі 5 гадоў таму.

АК: – Чаго зараз найбольш баіцца Аляксандр Лукашэнка? У чым ягоная няпэўнасць?

ЯК: – Беларускія ўлады з аднаго боку баяцца стаць залежнымі ад Расеі.

АК: – Але гэта ёсць фактам.

ЯК: – Яны сталі настолькі залежнымі, беларуская дзяржаўнасць з’яўляецца нестабільнай і мы не можам успрымаць яе як дадзенасць. Фактычна інстытуты дзяржаўныя не працуюць аўтаномна. Калі мы кажам пра парламент, пра суды – яны настолькі цэнтралізаваныя, што чакаюць загаду зверху і без гэтага не могуць самастойна існаваць. У тых краінах, дзе кіруюць вельмі цэнтралізавана, – улада вельмі нестабільная. Паглядзім на Лівію, на Ірак ці іншыя краіны, дзе ўсе выглядала вельмі салідна і кансалідавана, але вельмі хутка развалілася. Каб Беларусі сапраўды стаць устойлівай дзяржаваю, ёй трэба развіваць свае інстытуты. Я спадзяюся, што ўлады разумеюць, што цяпер гэтыя інстытуты не ўсталяваліся, таму яны цяпер менш баяцца ўнутранай апазіцыі і больш баяцца вонкавай пагрозы.

АК: – Але тым не менш улады выпусцілі палітзняволеных. Выглядае на пэўную палітычную адлігу. Гэта гульня на тое, каб Захад прызнаў выбары і потым даў грошы для падтрымання стабільнасці?

ЯК: – Я думаю, што стаўленне Захаду да гэтых выбараў мала чым адрозніваецца ад стаўлення да папярэдніх выбараў, калі не будзе нейкага брутальнага разгону. Усе разумеюць, што выбары не з’яўляюцца вольнымі ў тым плане, у якім гэта разумеюць у Еўропе, і таму вялікіх чаканняў няма. Яны ўсё роўна будуць мець дачыненні з беларускімі ўладамі, якім бы чынам яны не правялі гэтыя выбары. І ўсё роўна Беларусь не развернецца на 180 градусаў на Захад, бо залежнасць ад Расеі даволі высокая.

АК: – А, можа, мы фактычна дайшлі да таго, што патрэбная гэтак званая перазагрузка, пра якую кажуць эксперты. Аляксандр Лукашэнка ўжо не апошні дыктатар Еўропы, на фоне Уладзіміра Пуціна ён нават не такі кепскі. Можа, Еўропа павінна паступіцца сваймі дэмакратычнымі ідэаламі і паціснуць руку дыктатару?

ЯК: – Я думаю, што Еўропа не павінна рабіць залежнай сваю палітыку ад таго, як сябе паводзяць беларускія ўлады. Еўропа павінна разумець, што ў яе інтарэсах мець Беларусь як незалежную краіну, якая мае свае інстытуты. Калі ўлады паводзяць сабе неадпаведна, трэба менш з імі супрацоўнічаць. Але гэта не значыць, што трэба зварочваць ці адкладаць на другі план стасункі з грамадзянскай супольнасцю, з універсітэтамі і гэтак далей. Бо важна ўзмацняць грамадзянскую свядомасць беларусаў, каб яны разумелі, што ў іх ёсць свая краіна. І калі ўлады гэтага не разумеюць, гэта не значыць, што Еўропа нічога не павінна рабіць.

АК: – Але з іншага боку ўлады ўвесь час рэпрэсуюць нашую грамадзянскую супольнасць.

ЯК: – Так, трэба працаваць з уладамі адначасова. І заахвочваць да таго, каб яны выконвалі дэмакратычныя працэдуры. Але калі гэтага не адбываецца ці зноў ідзе нейкі віток уніз, гэта не значыць, што трэба расчароўвацца і зварочваць усе праграмы. Бо рэгулярна гэтак адбываецца – спачатку вялікія чаканні перад выбарамі, потым на выбарах нічога не змяняецца, усе ў роспачы, скарачаюцца ўсе праграмы. І ад гэтага нікому лепш не становіцца.

Больш – у відэаматэрыяле праграмы «Прасвет», якая выходзіць у пятніцы а 21:45. Праграму можна глядзець у онлайн-трансляцыі на нашай старонцы, ранейшыя выданні даступныя ў нашым архіве.

АК, belsat.eu

Стужка навінаў