Японца асудзілі на 4,5 гады турмы за правоз частак зброі праз беларускую мяжу


За незаконнае перамяшчэнне праз мяжу Беларусі частак агнястрэльнай зброі грамадзянін Японіі атрымаў турэмны тэрмін.

Як паведамілі minsknews.by у Менскай транспартнай пракуратуры, японец 1990 года нараджэння прыляцеў з Украіны ў Нацыянальны аэрапорт Менск. У багажы маладога чалавека былі выяўлены больш за 10 частак вінтовак Мосіна ўзору розных гадоў. Гэтыя прадметы, згодна з заключэннем эксперта, з’яўляюцца прыдатнымі для выкарыстання часткамі наразной агнястрэльнай зброі. Грамадзянін Японіі быў прызнаты вінаватым у іх незаконным перамяшчэнні праз дзяржаўную мяжу Беларусі.

Паводле ч. 2 арт. 295 і ч. 1 арт. 333-1 КК Беларусі замежнік прысуджаны да чатырох з паловай гадоў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі ва ўмовах ўзмоцненага рэжыму без канфіскацыі маёмасці. Прысуд уступіў у законную сілу.

На судзе малады чалавек прызнаў сваю віну. Ён распавёў, што па запрашэнні знаёмых ўдзельнічаў у фестывалі на тэрыторыі Украіны. У Кіеве ён убачыў спецыялізаваную краму, дзе прадаваўся у тым ліку ваенны антыкварыят. Прадавец запэўніў яго, што выстаўленыя часткі зброі – макеты, не прыдатныя да выкарыстання.

***

У мінулым верасні азербайджанскі блогер Аляксандр Лапшын, якога ўтрымлівалі ў турме на Валадарцы распавёў, што разам з ім там былі замежнікі і сярод іх – адзін японец.

«Японец быў самы няшчасны. Ён вядомы ў Японіі мастак-карыкатурыст, клічуць яго Daichi Yoshida, і трапіў ён у турму зусім на пустым месцы. Ляцеў з Еўропы з перасадкай у Менску, і ў яго багажы беларуская мытня знайшла сувенірны пісталет. Той факт, што ён не сапраўдны ніхто і не адмаўляў. Вось толькі небараку знялі з рэйса, а пісталет адправілі на экспертызу, якая доўжылася паўгода», – распавядаў Лапшын.

Магчыма, гаворка ідзе пра чалавека, якога пазней асудзілі на 4,5 гады.

У канцы лістапада рэзананс атрымаў яшчэ адзін інцындэнт з замежнікам – французам Жаланам Віё. У яго знайшлі патрон пры перасячэнні мяжы з Беларуссю. 20 лістапада Гомельскі абласны суд апраўдаў Віё.

КА, belsat.eu

Стужка навінаў